Фонд салідарнасьці BYSOL у сваім тэлеграм-канале зрабіў справаздачу пра грошы, якія пайшлі на «самыя неабходныя патрэбы» для сем’яў палітвязьняў: харчы, перадачы і крэдыты.
Агулам з 1 студзеня 2021 году выплаты склалі €32 500, па €500 на кожную сям’ю.
На 28 лютага 258 беларусаў праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі.
«Мы лічым дні да перамогі, а яны — гадзіны. Якія праходзяць у нечалавечых умовах. І для іх сем’яў яны праходзяць у цяжкім болю, страху за родных. Бальшыня страціла карміцеля», — гаворыцца ў паведамленьні фонду.
Фонд BYSOL заснавалі дзеля аказаньня дапамогі звольненым з працы ў выніку палітычных рэпрэсій, а таксама сілавікам, якія звольніліся з органаў. Пазьней адзін з кіраўнікоў фонду Андрэй Стрыжак заявіў аб прыпыненьні дапамогі былым супрацоўнікам сілавых ведамстваў, бо прайшоў тэрмін дапамогі ў выпадку іх звальненьня.
У верасьні фонд заснаваў ініцыятыву INeedHelpBy, накіраваную на харчовую дапамогу страйкоўцам або звольненым з палітычных прычынаў работнікам заводаў, а таксама іхным сем’ям.
Фонд арганізаваў падтрымку сем'яў палітвязьняў праз свой сайт, Фэйсбук, і сыстэму Paypal.