Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 1 году і 8 месяцаў калёніі. Берасьцейскія пракуроры запрасілі пакараньня для другой «дзясяткі» ў «справе карагодаў»


Карагодны пратэст, Берасьце, 13 верасьня.
Карагодны пратэст, Берасьце, 13 верасьня.

У судзе Ленінскага раёну Берасьця працягваецца разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава, калі пратэстоўцаў разагналі вадамётам.

Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Шурын. На лаве падсудных — дзесяць чалавек. Гэта ўжо другая «партыя» абвінавачаных. Колькасьць абвінавачаных дасягае паўсотні — гэта адна з самых масавых «палітычных справаў» у Беларусі. Дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваюць пракуроры Юшчук і Ляшок. 1 сакавіка пракуроры папрасілі ў суду пакараньня для абвінавачаных.

Як перадае берасьцейская «Вясна», пракуратура палічыла даказанай віну васьмі чалавек паводле ч. 1 арт. 342 КК і папрасіла прызначыць гэткія пакараньні:

  • Генадзь Місюта — 1 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі»;
  • Аляксей Бараноўскі, Дзьмітры Качурка і Ўладзімер Талатыньнік — 1 год і 6 месяцаў «хіміі»;
  • Дзьмітры Абрамук і Віталь Брух — 2 гады «хіміі»;
  • Аляксей Арцецкі — 1 год і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму;
  • Дзьмітры Буневіч — 1 год 8 месяцаў калёніі агульнага рэжыму.

Прысуд ім будзе абвешчаны 15 сакавіка ў 11:00. Двум абвінавачаным (Валянціне Жукоўскай і Сяргею Наліўку) прысуд будзе вынесены пазьней.

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле абвінавачаньня, кожны з 10 падсудных у групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасьці, з прычыны прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня. Пацярпелым бокам у справе выступаюць КУТП «Тралейбусны парк» і ААТ «Берасьцейскі аўтобусны парк».

Што з астатнімі фігурантамі справы?

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што двух берасьцейцаў па «справе карагодаў» 9 лютага пасьля выкліку ў Сьледчы камітэт зьмясьцілі ў СІЗА. Гаворка ідзе пра Рамана Яхіна і Арсенія Сіняка. На гэты момант гэта адзіныя затрыманыя абвінавачаныя ў гэтай справе. Марыну Глазаву, якую ўтрымлівалі ў СІЗА два месяцы, перавялі пад хатні арышт. У адносінах да астатніх абвінавачаных абраныя меры стрыманьня, не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі.

Таксама завершанае папярэдняе сьледзтва па «трэцяй» партыі. Там абвінавачаных адзінаццаць: 63-гадовая актывістка Алена Гнаўк, Алена і Вікторыя Лысковічы, Юры Чубрык, Даніла Чамаданаў, Віктар Лобка, Васіль Чарнецкі, Кірыл Луда, Радзівон Кандрацюк, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая. Хутка суды адбудуцца і над імі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG