«Я бачу ў навінах прысуды. Хлусьня і несправядлівасьць спараджаюць азлабленьне і нэгатыў. Незразумела, на што спадзяюцца ўлады, бо ў сярэднім прысуды па 3 гады, пасьля чаго сотні нявінна асуджаных выйдуць на волю. Усе іх гісторыі зноў будуць агучаныя. І калі на фоне гэтых прысудаў ня зьявяцца новыя Аўтуховічы, то частка потым сама стане Аўтуховічамі», — напісаў Сяргей Ціханоўскі журналісту парталу Tut.by.
У лісьце ён нагадвае, што беларусы — нашчадкі партызанаў, таму не выключае, што партызанскі рух у краіне зноў можа адрадзіцца.
«Сёньняшнія гвалт і беззаконьне прывядуць да ўзьнікненьня новых партызанаў. У беларусаў вялікі запыт на справядлівасьць. Бо калі няма судоў, а ёсьць судзілішчы, калі няма аб’ектыўных СМІ, а прапаганда і хлусьня, калі няма свабоды выказваньня думак, а толькі рэпрэсіі і гвалт, то дзяржава разбурыла сама сябе», — падсумаваў зьняволены блогер, адначыўшы, што па-ранейшаму верыць у перамены да лепшага.