Судзьдзя Тацяна Акавітая пакарала Натальлю Раентаву 8 месяцамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Пракурор прасіў у суду 2 гады зьняволеньня.
У апошнім слова Натальля Раентава сказала:
«Высокі суд, я прызнаю, што ўкусіла пацярпелага, але вельмі прашу прыняць да ўвагі той факт, што зрабіла гэта ненаўмысна, у стане стрэсу і афэкту, пра што сьведчыць, у тым ліку, адвольнае мачавыпусканьне. У сілу чаго я не магла выразна ўсведамляць, што адбываецца. Таксама прашу прыняць пад увагу, што я не маю ніякіх адносінаў да фактаў пагроз пацярпеламу. Я не напісала ніводнага слова пра гэта ў інтэрнэце, не дала ніводнага камэнтару медыя, нічога не напісала ні ў чатах, ні ў телеграм-каналах, ні ў камэнтарах да чаго-небудзь.
Я раскайваюся ў тым, што адбылося. Я гатова панесьці пакараньне. Я вельмі спадзяюся, што гэта пакараньне будзе суразмерна правіну. Дзякуй, што выслухалі мяне».
Згодна з матэрыяламі справы, вечарам 29 жніўня Натальля і Аляксандар Раентавы ўдзельнічалі ў суботнім жаночым маршы. Калі АМАП пачаў разгон, Натальля з братам забеглі ў тралейбус. Рукой паказалі іншым удзельнікам, каб яны таксама забягалі туды. Гэтым яны й прыцягнулі ўвагу. Брат і сястра праехалі адзін прыпынак, пасьля чаго ў салён забеглі невядомыя людзі ў чорным і пачалі іх выцягваць.
Натальля на стадыі папярэдняга сьледзтва сьведчыла, што ўкус быў ад страху. У судзе яна яшчэ раз адзначыла, што не разумела, што людзі ў чорным і цывільным адзеньні — супрацоўнікі міліцыі. Псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза паказала, што Раентава ў момант затрыманьня «не была ў стане афэкту, усьведамляла свае дзеяньні і магла імі кіраваць».