Навальны прызнаны вінаватым у паклёпе і асуджаны да выплаты штрафу ў памеры 850 тысяч расейскіх рублёў (амаль 9,5 тысяч эўра).
- Ігнат Арцёменка — адзін з пэрсанажаў рэклямнага роліку, у якім ішла агітацыя за папраўкі ў Канстытуцыю РФ (сярод іншага, яны дазволілі Ўладзіміру Пуціну ізноў вылучацца на пасаду прэзыдэнта). Арцёменку, як сьцьвярджае абвінавачаньне, абразіла заяву палітыка ў сацыяльных сетках, што ўдзельнікі здымкі агітацыйнага роліка — «прадажныя халуі і здраднікі».
- Навальны абвінавачваньне адрынае. Сам 95-гадовы Арцёменка ў працэсе не ўдзельнічаў, але на паседжаньнях суд правёў допыт унука пацярпелага. Навальны абвінавачвае яго ў тым, што ён «гандлюе дзедам». Навальны папрасіў суд прызначыць экспэртызу почырку. Ён лічыць, што заявы падпісваў ня сам вэтэран, а іншыя людзі. Суд у экспэртызе адмовіў.
Раней у суботу Маскоўскі гарадзкі разгледзеў апэляцыйную скаргу Аляксея Навальнага на замену ўмоўнага тэрміну на рэальны па так званай справе «Іў Рашэ» і пакінуў яе без задавальненьня. Масгарсуд залічыў у тэрмін адбыцьця пакараньня час, якое Навальны правёў пад хатнім арыштам, а таксама месяц у СІЗА «Матроская цішыня». З улікам гэтага апазыцыянэр будзе знаходзіцца ў калёніі каля 2 гадоў і 5 месяцаў, на паўтара месяца менш, чым чакалася раней.
Навальны быў асуджаны ў 2014 годзе за махлярства да трох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна, з выпрабавальным тэрмінам на пяць гадоў (затым яго працягнулі яшчэ на год).