Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румас зь Лёндану пракамэнтаваў затрыманьне банкіраў і расказаў пра свае пляны


Сяргей Румас. Архіўнае фота
Сяргей Румас. Архіўнае фота

Былы прэм’ер-міністар Сяргей Румас пракамэнтаваў Tut.by інфармацыю пра затрыманьні шэрагу банкіраў і бізнэсоўцаў, а таксама расказаў пра свае справы і пляны.

Ён пацьвердзіў, што знаходзіцца ў Лёндане, дзе «кантактуе па працы зь некалькімі фінансавымі інстытутамі і фондамі». Паводле яго, у некаторых з гэтых арганізацый ёсьць патэнцыял працы зь Беларусьсю, але «нэгатыўныя інвэстыцыйныя настроі сёньня стрымліваюць іх прыход».

Румас сказаў, што пакуль ня ведае, ці застанецца працаваць за мяжой, ці вернецца ў Беларусь.

«Праекты фінансава-інвэстыцыйныя, і ўдзел у любым зь іх не прадугледжвае палітычнай актыўнасьці, гэта агаворваецца практычна адразу. Калі б у мяне былі такія пляны, то за час, які прайшоў пасьля сыходу ў адстаўку, яны ўжо неяк бы рэалізаваліся. Зараз я б хацеў вярнуцца ў больш звыклае для сябе фінансавае асяродзьдзе», — сказаў ён.

Камэнтуючы затрыманьні банкіраў і бізнэсоўцаў, Румас выказаў меркаваньне, што прэтэнзіі тычацца 2011–2012 гадоў, калі «Белаграпрамбанк» адкрываў фінансаваньне па праграме Прыпяцкага Палесься, у прыватнасьці сваіх даччыных прадпрыемстваў «Тураўшчына» і «Тураўскі малочны камбінат».

«У рамках гэтай праграмы, у тым ліку, прадугледжвалася магчымасьць атрыманьня льготнага фінансаваньня, якое, па ўсёй бачнасьці, і стала прадметам цікавасьці правяраючых», — сказаў Сяргей Румас. — Фінансавае забесьпячэньне гэтай праграмы ляжала на «Белаграпрамбанку», таму ў яе распрацоўцы я прымаў непасрэдны ўдзел. Пасьля яе прыняцьця я сапраўды курыраваў ход яе выкананьня».

Паводле Румаса, гэта была «пасьпяховая дзяржпраграма, дзякуючы якой Прыпяцкі рэгіён атрымаў значны імпульс у разьвіцьці», а «ўкладаньні ў „Тураўшчыну“ і „ТМК“ ня толькі зьмянілі Тураў, але і дазволілі ўсяму Жыткавіцкаму раёну, аднаму з адстаючых у краіне, перайсьці ў разрад лідэраў па асноўных паказчыках».

Ён згадаў, што Лукашэнка двойчы наведваў камбінат, па выніках чаго дзейнасьць прадпрыемства высока ацанілі.

«Я сапраўды ведаю іх усіх дастаткова добра як прафэсіяналаў і прыстойных людзей. І спадзяюся, што ва ўсёй гэтай сытуацыі, як і ў выпадку з дрэваапрацоўкай, бліжэйшым часам разьбяруцца і ўсе прэтэнзіі будуць зьнятыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG