Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На самае галоўнае пытаньне мы не адказваем». Меркаваная дачка Пуціна пагутарыла ў Clubhouse з аўтарам расьсьледаваньня пра яе


Луіза Розава, меркаваная дачка Пуціна
Луіза Розава, меркаваная дачка Пуціна

Меркаваная дачка прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Луіза Розава зарэгістравалася ў сацыяльнай сетцы Clubhouse і пагутарыла з журналістам Андрэем Захаравым, які быў адным з аўтараў расьсьледаваньня пра яе

Выданьне Znak.com апублікавала расшыфроўку размовы. Амаль адразу пасьля рэгістрацыі ў сацсетцы Луіза зь сябрамі адкрыла «пакой» у сацыяльнай сетцы.

Да размовы падключылі журналіста Захарава. Ён каля 10 хвілін задаваў Розавай пытаньні. На пытаньне аб тым, ці праўда яна дачка Пуціна, Луіза прамаўчала. Яе сяброўкі хорам адказалі: «Мы дамовіліся, што на самае галоўнае пытаньне мы не адказваем».

Розава сказала, што расьсьледаваньне аб яе сям’і не нанесла ёй траўмы, яна нават удзячная за тое, што яе акаўнт стаў папулярным.

«У мяне ў жыцьці быў такі затор, стагнацыя. Я вельмі ўдзячная, што ў мяне зьявілася такая магчымасьць. Я ніяк не спрабую і ніколі не спрабавала папулярызаваць сябе. Адчуваю сябе выдатна, можна за мяне не перажываць. Маё жыцьцё працягваецца, і ўсё добра», — сказала яна.

Розава таксама расказала, што яна «абсалютна ніяк» не адносіцца да палітыкі, захапляецца модай і вучыцца ў Санкт-Пецярбурскім дзяржаўным унівэрсытэце прамысловых тэхналёгіяў і дызайну. Паводле яе, яна не плянуе зьязджаць з Расеі за мяжу.

Пры гэтым Розава прызнала, што жыве ў інфармацыйнай бурбалцы — не глядзіць тэлевізара, а навіны чытае толькі часам у телеграм-каналах. Замест гэтага дзяўчына, па яе словах, купляе часопіс Vogue, глядзіць арт-паказы і любіць схадзіць у суседні рэстаран «паесьці пасты і абмеркаваць з сябрамі плёткі і расьсьледаваньні».

Як піша Znak, падчас размовы адна з карыстальніц Clubhouse пацікавілася думкай Луізы Розавай аб фразе «калі б хацелі забіць, забілі б», якой Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі ў сярэдзіне сьнежня 2020 году пракамэнтаваў атручэньне Аляксея Навальнага.

«Ведаеце, ёсьць такая штука — ня ведаю, ці правільна я зараз скажу, — называецца „залаты мільярд“. Гэта супольнасьць багатых людзей, якія якраз учынілі ўсю гэтую каніцель з каранавірусам... Атрымліваецца, што яны забіваюць людзей. Чаму, калі яны могуць гэта рабіць, то ўрад ня можа — у разумных мэтах? Не скажу, што я за, але такое ёсьць, і мы ў гэтым жывём», — адказала Розава на гэтае пытаньне.

У лістападзе 2020 году выданьне «Праект» выпусьціла расьсьледаваньне аб жыхарцы Пецярбургу Святлане Крываногіх. Журналісты сьцьвярджаюць, што ў жанчыны былі адносіны з Уладзімірам Пуціным, дзякуючы якім яна атрымала долю ў банку «Расея», кватэру ў доме на Каменным востраве, «Ленінград-цэнтар» у Таўрычаскім садзе і кампанія гарналыжнага курорту «Ігара» ў Ленінградзкай вобласьці.

Таксама «Праект» сьцьвярджае, што ў Крываногіх ёсьць дачка Лізавета зь імем па бацьку Уладзіміраўна, якая жыве пад іншым імем і прозьвішчам. На думку журналістаў, яна «фэнамэнальна падобная на прэзыдэнта Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG