У дамы затрыманых 13 лютага музыкаў гурту «Разьбітае сэрца пацана» прыходзіла з аглядамі міліцыя. Пра гэта расказала мэнэджарка гурту Настасься Доль, піша Tut.by. Сілавікі шукалі сымболіку пратэстаў.
«Да чатырох удзельнікаў РСП прыходзілі дадому супрацоўнікі ўнутраных спраў, праводзілі агляд на прадмет забароненай сымболікі», — апавяла Настасься.
Яна ўдакладніла, што нічога забароненага не знайшлі.
Ёсьць інфармацыя, што з такімі ж аглядамі прыходзілі да іншых затрыманых падчас канцэрту на турбазе пад Смалявічамі 13 лютага.
13 лютага на базе адпачынку «Агеньчык» у Смалявіцкім раёне супрацоўнікі АМАПу затрымалі ўдзельнікаў і гледачоў канцэрту беларускіх гуртоў «РСП» ( «Разьбітае сэрца пацана»), Panska Moc і Ok-Band. Па дадзеных прэс-службы МУС, усяго на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве «пад выглядам музычнай вечарыны» затрымалі 68 чалавек. Дзесяць зь іх — дзяцей і тых, у каго на ўтрыманьні знаходзяцца непаўналетнія, адпусьцілі. Астатніх павезьлі ў ІЧУ Жодзіна.
15 і 16 лютага музыкаў гурту РСП пакаралі 15 днямі арышту. Сярод іншых прысудаў таксама арышты і штрафы.