Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура накіравала ў Латвію запыт аб выдачы Цапкалы


Валер Цапкала
Валер Цапкала

Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў пракуратуру Латвіі просьбу аб выдачы экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта, былога дыплямата і дырэктара Парку высокіх тэхналёгій Валера Цапкалы для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

«Крымінальная справа ў дачыненьні да Цапкалы В. В. знаходзіцца ў вытворчасьці галоўнага ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту, — цытуе БелаПАН паведамленьне Генпракуратуры. — Яму інкрымінуюцца тры эпізоды атрыманьня хабару ў асабліва буйным памеры па ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

У пракуратуры нагадалі, што 21 лютага 1994 году паміж Беларусьсю і Латвіяй была заключаная дамова аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах.

Валер Цапкала, не зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты, пакінуў Беларусь разам зь дзецьмі 23 ліпеня 2020 году праз пагрозу арышту.

8 лютага Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што накіраваў у Генпракуратуру краіны дакумэнты аб ініцыяваньні працэдуры экстрадыцыі Цапкалы, які абвінавачваецца ў карупцыйных злачынствах і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры.

9 лютага міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў, што патрабаваньне беларускіх праваахоўных органаў аб экстрадыцыі Цапкалы павінна быць адхілена. «Разглядаю просьбу рэжыму Лукашэнкі аб экстрадыцыі беларускага апазыцыйнага палітыка Валера Цапкалы як непрыкрытую спробу помсты, патрабаваньне павіннае быць адхілена», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Твітэры.

Ён адзначыў, што ў адпаведнасьці з латвійскім заканадаўствам рашэньне аб экстрадыцыі прымаюць кампэтэнтныя праваахоўныя органы пасьля ацэнкі ўсіх аспэктаў справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG