На шмат якіх здымках галадоўкі дэпутатаў Апазыцыі БНФ 11–12 красавіка 1995 году Лявона Дзейкі няма.
Няма, таму што гэтыя здымкі рабіў ён.
Так атрымалася, што ён меў пры сабе фотаапарат («мыльніцу», як тады казалі) і рабіў здымкі. Увечары ён даў камусьці апарат і папрасіў сфатаграфаваць яго — на адным са здымкаў мы слухаем Радыё Свабода. Ну, а калі ўвечары журналістаў выдалілі з залі і ўвайшлі супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі, каб выцягнуць і нас, — Лявон сфатаграфаваў гэтыя эпізоды. Не зусім рэзкія, гэтыя кадры зрабіліся ўнікальным гістарычным дакумэнтам.
Напад, празь дзьве гадзіны, дзясяткаў «гарылаў» у чорных масках і спэцназаўцаў з аўтаматамі, ён ужо не здымаў — як і ўсіх дэпутатаў, яго зьбілі, выцягнулі з залі і закінулі ў «варанок».
Лявон Дзейка быў адным з найбольш актыўных дэпутатаў, удзельнічаў у распрацоўцы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, законапраектаў для абвяшчэньня незалежнасьці на сэсіі 24–25 жніўня 1991 году, працаваў у парлямэнцкай камісіі па культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны. Быў сузаснавальнікам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ).
Ён быў інтэлектуалам. Інжынэр паводле адукацыі, ён зьдзіўляў мяне глыбокім веданьнем і беларускай, і сусьветнай літаратуры. Быў востры на язык.
Ягоныя веды, парлямэнцкі, палітычны і жыцьцёвы досьвед не спатрэбіліся ў той краіне, якой зрабілася Беларусь пасьля 1994 году.
З дня спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня (9 студзеня 1996) Лявон нідзе ня мог уладкавацца на працу (як і шмат хто з апанэнтаў Лукашэнкі), хоць закон гарантаваў як мінімум працоўнае месца, раўназначнае таму, якое было да дэпутацтва. Але, як кажа наш колішні калега па парлямэнце, «часам не да законаў»...
Уражваюць апошнія запісы Лявона ў фэйсбуку — пра сыход з жыцьця. Перапошчваў песьні пра сьмерць, пазначыў — «Нешта ніхто не разумее, зь якое нагоды мае апошнiя песьнi...», над фатаздымкам у гадавіну сьмерці Генадзя Грушавога напісаў — «Мне ёсьць за кiм пастукацца ў дзьверы...».
Сёньня пастукаўся. Вечная памяць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.