Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горлаўцы на Данбасе адбыўся выбух: паранены адзін зь лідэраў сэпаратыстаў «ДНР»


Прарасейскія сэпаратысты каля Горлаўкі на Данбасе. Архіўнае фота
Прарасейскія сэпаратысты каля Горлаўкі на Данбасе. Архіўнае фота

Раніцай 15 лютага ў Горлаўцы адбыўся выбух самаробнага выбуховага прыстасаваньня пад машынай, у якой знаходзіўся адзін зь лідэраў сэпаратыстаў «Данецкай Народнай Рэспублікі» (ДНР), камандзір батальёну так званай народнай міліцыі.

Інфармацыю аб выбуху пацьвердзілі ў сілавых структурах ДНР, а таксама мясцовыя СМІ. Імя параненага яны не раскрываюць, але паведамляюць яго пазыўны: «Длинный».

«Каля 8:00 у Горлаўцы спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне пад машынай, у якой знаходзіўся камандзір 1-га батальёна. Можна сказаць, што гэта тэракт», — сказаў суразмоўца аднаго з агенцтваў навін «ДНР». Пазьней першы намесьнік міністра інфармацыі «ДНР» Даніл Бяссонаў паведаміў, што паранены меў пазыўны «Длинный», а ў машыне разам зь ім знаходзілася яго дачка.

«Спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне пад аўтамабілем камандзіра батальёна, які ў гэты час вёз дачку ў школу. Камбат і яго дачка на гэты момант у шпіталі», — напісаў Бяссонаў у тэлеграм-канале.

Прадстаўнікі сэпаратыстаў абвінавацілі ў арганізацыі выбуху ўкраінскіх вайскоўцаў з спэцатраду «Захад». Паводле іх версіі, гэта было помстай за падрыў трох украінскіх вайскоўцаў на мінах у раёне Новалуганскага, які адбыўся ў выходныя.

Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны пачаўся ў 2014 годзе, тады пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў апынуліся часткі Данецкай і Луганскай абласьцей з абодвума абласнымі цэнтрамі. У лютым 2019 Пятро Парашэнка, які тады быў прэзыдэнтам Украіны, сказаў, што з моманту пачатку канфлікту на Данбасе Расея «акупавала 44 тысячы квадратных кілямэтраў, або 7% тэрыторыі Ўкраіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG