Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, за што адвакатку Марыі Калесьнікавай хочуць пазбавіць ліцэнзіі


Людміла Казак, адвакат Калесьнікавай, пасьля суду. Менск, 25 верасьня.
Людміла Казак, адвакат Калесьнікавай, пасьля суду. Менск, 25 верасьня.

Летась невядомыя схапілі Людмілу Казак, а пазьней яе засудзілі ў адміністрацыйнай справе.

Гэтая справа стала фармальнай падставай для разгляду Міністэрствам юстыцыі пытаньня аб пазбаўленьні яе ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне адвакацкай дзейнасьці.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў падрабязнасьці анансаванага пасяджэньня Міністэрства юстыцыі. Як адзначаецца ў паведамленьні пра разгляд пытаньня аб спыненьні дзеяньня ліцэнзіі, падставай для пазбаўленьня абаронцы Марыі Калесьнікавай адвакацкага статусу зьяўляецца «ўчыненьне дзеяньняў, што дыскрэдытуюць званьне адваката і адвакатуру, якое праявілася ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага арт. 23.4 КаАП».

24 верасьня летась Людмілу Казак у цэнтры Менску затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, што мела характар выкраданьня. Яе выкралі, як і ейную падабаронную Марыю Калесьнікаву двумя тыднямі раней. Супрацоўнікі міліцыі, утрымліваючы адвакатку ў будынку Цэнтральнага РУУС Менску, падверглі яе агляду, чым парушылі адвакацкую тайну. Таксама цягам многіх гадзін парушалася права Казак на абарону: супрацоўнікі міліцыі ня далі ёй паведаміць мужу, кіраўніцтву калегіі аб затрыманьні, не пусьцілі ў будынак адвакатаў Людмілы, а таксама адмовіліся выклікаць хуткую дапамогу.

Увечары 24 верасьня Людмілу Казак даставілі ў ізалятар на Акрэсьціна, і толькі тады стала дакладна вядома пра яе месца знаходжаньня. На наступны дзень судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Менску Аляксандар Рудэнка вынес рашэньне аб прызнаньні Людмілы Казак вінаватай у непадпарадкаваньні тым, хто схапіў і павёз яе без тлумачэньня прычын.

Адвакатку Людмілу Казак, якая абараняе сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву, пакаралі штрафам у 675 рублёў за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП)

Пасьля ўступленьня судовай пастановы ў сілу дысцыплінарная камісія Менскай гарадзкой калегіі адкаватаў 20 студзеня прыцягнула Людмілу Казак да дысцыплінарнай адказнасьці: ёй была аб’яўленая заўвага. І адразу за гэтым Міністэрства юстыцыі запусьціла мэханізм для пазбаўленьня адвакацкага статусу абаронцы Марыі Калеснікавай.

Як адзначае юрыст ПЦ «Вясна» Аляксей Лойка, гэтая сытуацыя дэманструе мэтанакіраваны перасьлед адвакатаў за іх прафэсійную дзейнасьць, у прыватнасьці Людмілы Казак — выключна ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ёй абароны Марыі Калесьнікавай:

«Абуральны характар перасьледу заключаецца ў тым, што ўлады не знайшлі нічога прыдатнага, акрамя як выкрасьці жанчыну ў цэнтры гораду, падвергнуць яе зьневажальнаму агляду з парушэньнем адвакацкай тайны, абвінаваціць у непадпарадкаваньні пры затрыманьні за несанкцыянаваную акцыю, у якой адвакат ня брала ўдзелу, і правядзеньні Людмілы Казак праз жорны судовага канвэера. Цяпер яе пазбаўляюць прафэсіі і сродкаў да існаваньня, выкарыстоўваючы ў якасьці фармальнай падставы незаконнае прыцягненьне яе да адміністрацыйнай адказнасьці. Пры гэтым скарга Казак на судовую пастанову ў адміністрацыйнай справе накіравана ў Вярхоўны Суд, кропка ў справе яшчэ не пастаўлена».

Паседжаньне Кваліфікацыйнай камісіі ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці Міністэрства юстыцыі, на якім заплянаваны разгляд пытаньня аб спыненьні ліцэнзіі абаронцы палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай адвакаткі Людмілы Казак, заплянаванае на 19 лютага.

У той жа дзень міністэрства будзе разглядаць пытанне аб пазбаўленьні ліцэнзіі адвакатаў ткасама Максіма Конана, які абараняў ахвяру гвалту ў жніўні 2020 году, і Міхаіла Кірылюка за «некарэктныя выразы ў адносінах да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў», што зьяўляецца учынкам, на думку Міністэрства юстыцыі, «несумяшчальным са званьнем адваката».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG