Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай адмовіўся раскрыць дадзеныя аб першых выпадках COVID-19


Улады Кітаю адмовіліся перадаць экспэртам Сусьветнай арганізацыі здароўя зыходныя пэрсаналізаваныя зьвесткі аб першых выпадках захворваньня каранавірусам новага тыпу

Пра гэта паведамляе газэта The Wall Street Journal са спасылкай на экспэртаў САЗ, якія праводзілі расьсьледаваньне абставінаў узьнікненьня пандэміі.

Экспэрты прасілі ў Кітая неапрацаваныя дадзеныя 174 выпадкаў у горадзе Ўхань. Гэта магло б дапамагчы ім зрабіць высновы пра тое, калі і зь якой хуткасьцю вірус пачаў распаўсюджвацца на тэрыторыі краіны. Замест гэтага ўлады перадалі ім дайджэст інфармацыі, ужо апрацаванай кітайскімі навукоўцамі.

Раней The Wall Street Journal паведамляла, што, паводле папярэдніх вынікаў расьсьледаваньня САЗ, эпідэмія каранавіруснай інфэкцыі новага тыпу магла пачацца на два месяцы раней, чым гэта было афіцыйна пацьверджана. Кітайскія ўлады не камэнтуюць адмову ў перадачы дадзеных.

Эпідэмія каранавіруснай інфэкцыі новага тыпу пачалася ў кітайскім Ухані ў канцы 2019 году. Улады Кітаю абвінавачваюцца многімі краінамі сьвету і экспэртамі ў замоўчваньні распаўсюджваньня хваробы на першым этапе і ў прымяншэньні статыстыкі захворваньня і сьмяротнасьці. Пэкін гэта адмаўляе.

У суботу адміністрацыя ЗША заклікала Кітай раскрыць усю наяўную інфармацыю пра паходжаньне каранавірусу COVID-19.

«Каб лепш зразумець цяперашнюю пандэмію і лепш падрыхтавацца да наступнай, Кітаю неабходна абнародаваць інфармацыю пра пачатковы этап пашырэньня вірусу», – сказаў дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, успышка хваробы пачалася ва Ўхані на мясцовым рынку, дзе гандлявалі кажанамі, якія пераносілі каранавірус. Аднак існуе гіпотэза аб лябараторным паходжаньні хваробы.

У горадзе разьмешчаны адзін з найбуйнейшых у сьвеце цэнтраў дасьледаваньня вірусаў такога тыпу. Кітайскія ўлады заяўляюць, што гэтая вэрсія ня мае пад сабой ніякіх падстаў.

Паводле дадзеных Унівэрсытэту Джонза Гопкінза, агульная колькасьць тых, хто захварэў на COVID-19, у сьвеце за час пандэміі дасягнула 108 мільёнаў, а колькасьць памерлых перавысіла 2 мільёны 300 тысячаў. Гэтыя дадзеныя абапіраюцца на нацыянальную статыстыку розных краінаў і могуць у разы адрозьнівацца ў меншы бок ад рэальнай статыстыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG