Экалягічныя актывісты і арганізацыі цягам апошніх тыдняў назіраюць рэзкае ўзмацненьне ціску, што праяўляецца як у нарастаючай інтэнсіўнасьці, так і ў паўсюдным характары.
Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую падпісалі:
- Беларуская партыя «Зялёныя»,
- экалягічнае таварыства «Зялёная сетка»,
- грамадзкае аб’яднаньне «Экадом»,
- Беларуская антыядзерная кампанія.
«На наш погляд, арышты, адміністрацыйныя і крымінальныя справы, ператрусы, дагляды, канфіскацыя тэхнікі сталі насіць як татальны, так і мэтавай характар. Мы хочам зьвярнуць увагу на шэраг ператрусаў, якія па надуманых падставах праводзяцца ў экалягічных актывістаў і тых, хто спачувае ім з мясцовых жыхароў, уладальнікаў аграсядзібаў Нарачанска-Вілейскага краю: у Віцебскай і Менскай абласьцях Беларусі », — гаворыцца ў заяве.
Як адзначаюць эколягі, падстава, пад якой вядзецца гэтая дзейнасьць — «вышук нейкіх субʼектаў у рамках так званага горадзенскай справы, калі падчас пратэстных акцый у Горадні невядомымі былі зьдзейсьненыя дзеяньні ў дачыненьні абʼектаў уласнасьці супрацоўнікаў сілавых структур».
Адзначаецца, што падобныя дзеяньні, накіраваныя на ўсіх экалягічна актыўных грамадзян і арганізацыі рэгіёну, прыводзяць да таго, што экалягічны рух аказваецца паралізаваны, спыняецца якое-небудзь ўзаемадзеяньне з мясцовымі ўладамі.
«У гэтых умовах — прававога дэфолту, адсутнасьці экалягічнага грамадзкага кантролю і незалежнай экспэртнай супольнасьці — непазьбежна зьяўленьне дадатковых экалягічных рызык і пагроз. Асабліва, улічваючы пуск першага энергаблёка БелАЭС. У гэтых умовах цяперашняе кіраўніцтва краіны наўрад ці можа разьлічваць на канструктыўнае ўзаемадзеяньне на міжнародным узроўні. Суседства з Беларусьсю становіцца для іншых краін экалягічна небясьпечным», — канстатуюць падпісанты заявы.
Яны заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага спыненьня ціску на экалягічную супольнасьць.