«Мы просім вас падтрымаць незалежную дэмакратычную Беларусь, заклікаем Украіну падтрымаць нас у АБСЭ, ПАРЭ, ААН, а таксама на іншых міжнародных пляцоўках. І спадзяёмся, што неўзабаве мы зможам сустрэцца з кіраўніцтвам Украіны і абмеркаваць суседзкую будучыню нашых краін», — сказала Сьвятлана Ціханоўская падчас онлайн-сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якія ўваходзяць у склад міжфракцыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь».
Сустрэчу ініцыяваў кіраўнік дэпутацкай групы Аляксей Ганчарэнка.
«Беларускія апазыцыянэры папрасілі ўкраінскіх дэпутатаў падтрымаць палітычных вязьняў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах», — паведаміў Ганчарэнка.
Асобна ўкраінскі дэпутат зьвярнуў увагу на тое, што Сьвятлана Ціханоўская падтрымала тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, і апублікаваў яе цытату пра Крым: «Крым паводле закону зьяўляецца Ўкраінай, але некалькі гадоў яго дэ-факта кантралюе Расея».
«Дамовіліся пра падтрымку Беларусі ў міжнародных арганізацыях, пра дапамогу палітвязьням. Вырашылі часьцей праводзіць такія мерапрыемствы, бо гэта дапамагае прыскорыць шлях Беларусі да пабудовы дэмакратычнага грамадзтва. Жыве Беларусь!» — напісаў Аляксей Ганчарэнка.
Яшчэ адна ўкраінская дэпутатка Ларыса Белазір паведаміла, што неўзабаве плянуецца візыт Сьвятланы Ціханоўскай ва Ўкраіну. «Разглядаецца магчымы візыт у Вярхоўную Раду Ўкраіны», — дадала яна.
Міжфракцыйная дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь» была створаная летась 3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень Рэспублікі. У яе склад увайшлі каля 20 дэпутатаў з розных фракцый.