Акцыі пратэсту ў Менску
Акцыя пратэсту пэнсіянэраў у Горадні
Макей прапанаваў адмовіцца ад «нэўтралітэту» ў Канстытуцыі Беларусі
Выступаючы на Ўсебеларускім народным сходзе міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў аб прыярытэце Расеі ў замежнай палітыцы краіны:
«На ўзаемадзеянне з Расеяй будзе накіраваны асноўны вэктар нашага разьвіцьця».
Макей выступіў і з прапановай аб зьменах у Канстытуцыі: «Замацаванае ў Канстытуцыі імкненьне Беларусі да нэўтралітэту не адпавядае бягучай сытуацыі. Прапануецца ўлічыць дадзены аспект у працы над папраўкамі да Асноўнага закону нашай краіны».
У Менску на вуліцу Няміга едзе спэцтранспарт сілавікоў
Кіраўнік КДБ паабяцаў знайсьці «усіх пасобнікаў фашыстаў», як гэта рабілі яго папярэднікі
Старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Іван Тэрцель заявіў, што летам і ўвосень беларускім уладам удалося спыніць няўдалую спробу мецяжу і зьмены канстытуцыйнага ладу.
«Беларусь выстаяла ва ўмовах рэалізацыі самага жорсткага сцэнару. Але яшчэ ня час расслабляцца. На тэрыторыі шэрагу замежных дзяржаў сфармаваныя структуры, дзе канцэнтруюцца розныя авантурысты, прайдзісьветы і здраднікі. Гэтыя цэнтры працуюць найперш у Вільні і Варшаве. Асобныя са змагароў пераступаюць чырвоныя лініі, прыбягаючы да тэрору. Як прыклад – дзейнасьць групаў Аўтуховіча і Аліневіча. Былі абсталяваныя тайнікі са зброяй, зьнішчалася маёмасьць сілавікоў. Масавых ахвяраў удалося пазьбегнуць толькі дзякуючы спаненьню іх дзейнасьці».
Паводле Тэрцеля, сілавыя структуры маюць усе рэсурсы, каб стварыць бясьпечныя ўмовы для жыцьця і працы грамадзянаў. І паабяцаў, што ягонае ведамства будзе дзейнічаць «жорстка і пасьлядоўна».
«Нашыя дзяды і бацькі знаходзілі пасобнікаў фашыстаў праз дзесяцігодзьдзі, дзе б яны не знаходзіліся. Гэта мусім зрабіць і мы», – заявіў старшыня КДБ.
Прадстаўнік Генштабу паўтарыў тэзіс Макея
Намесьнік начальніка генштабу ўзброеных сіл Беларусі Павал Муравейка падтрымаў тэзіс кіраўніка МЗС Макея аб адмове ад нэўтралітэту Беларусі:
«Сёньня ўмовы, якія забясьпечваюць нэўтральны статус нашай краіны пакуль ня створаны. Да іх дасягненьня выбар калектыўнай абароны ў якасьці стратэгічнага арыентыру зьяўляецца неабходным і патрабуе замацаваньня ў Канстытуцыі. Гэта закладзе моцны прававы фундамэнт доўгатэрміновых і эфэктыўных праектаў па забесьпячэньні бясьпекі краіны, надасьць імпульс у супрацоўніцтве з дружалюбнымі краінамі».
Кіраўнік БПЦ мітрапаліт Веньямін заклікаў да прымірэння ў грамадзтве
Мітрапаліт Веньямін падзякаваў уладам і Аляксандру Лукашэнку, што ў разгар пандэміі не былі зачыненыя храмы, дзякуючы чаму вернікі атрымалі духоўную падтрымку.
«Сёньня беларускае грамадзтва на раздарожжы, бо кожнаму трэба зрабіць маральны выбар, – адзначыў праваслаўны ярарх. – Што больш за ўсё разьядноўвае людзей? Эгаізм, гардыня, цынізм. Як выйсьці з гэтага кола? Кожнаму неабходна пачаць зь сябе, дараваць адзін аднаго, ухіляцца ад зла і тварыць дабро. Мітрапаліт Філарэт у свой час заклікаў: «Любіце адзін аднаго!» Толькі пры павазе і любові да бліжняга можна разьлічваць на прымірэньне ва ўсім грамадзтве».
Аўтазакі на праспэкце Пераможцаў у Менску
Людзі рэагуюць на зьяўленьне сілавікоў у цэнтры Менска знакам вікторыі
Як «не аддаць любімую». Што стаіць за словамі Лукашэнкі
Схему гэтага працэсу Аляксандар Лукашэнка выклаў у сваім выступе на Ўсебеларускім народным сходзе, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.
- Плян канстытуцыйнай рэформы па Лукашэнку: распрацоўка сёлета праекту новай Канстытуцыі; прыняцьцё яе на рэфэрэндуме напачатку 2022 году; магчыма, напрыканцы 2022 году — прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары
- Мяркуецца, што новая Канстытуцыя замацуе перадачу часткі ўладных паўнамоцтваў ад прэзыдэнта іншым інстытутам улады
- Усебеларускаму народнаму сходу плянуецца надаць канстытуцыйныя паўнамоцтвы вярхоўнага органу ўлады і пры гэтым — гаранта бясьпекі ў будучыні прыхільнікаў Лукашэнкі
На сходзе далі слова Ганьне Канапацкай, але трансляцыю выключылі
Пасьля таго як Натальля Качанава дала слова ад першага мікрафона былой удзельніцы прэзыдэнцкай кампаніі Ганьне Канапацкай, жывая трасьляцыя з форуму была спыненая.
У Жлобіне – ператрусы і выклікі ў міліцыю ды Сьледчы камітэт
У жыхароў Жлобіна Любові Швэдавай і Аркадзя Шаўчэнкі праходзяць ператрусы. Яшчэ шэраг актывістаў на 12 лютага выклікалі на допыты ў міліцыю і Сьледчы камітэт па крымінальнай справе аб абразе начальніка Жлобінскага РАУС.
Таксама паводле мясцовых актывістаў міліцыя шукае адміністратараў тэлеграм-каналу «Свободный Жлобин» і тых, хто займаецца «партызанінгам», робіць ананімныя акцыі пратэсту.