Судзьдзя Марына Фёдарава ў судзе Савецкага раёну Менску прысудзіла былому выкладчыку катэдры крыміналістыкі БДУ Яраславу Кату 15 дзён арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КаАП РБ), перадае «Наша Ніва».
Яраслава Ката затрымалі 9 лютага, накіравалі ў турму на Акрэсьціна. Прычына затрыманьня тады не была вядомая. Паводле пратаколу, судзілі яго за тое, што ён у пад’езьдзе свайго дома нібыта «наўмысна з хуліганскіх памкненьняў стаў выказваць незадаволенасьць працай супрацоўнікаў унутраных справаў, размаўляў на падвышаных тонах, выказваў у адрас супрацоўнікаў кепскія словы».
Сам выкладчык кажа, што ў 12.10 яму ў дзьверы званілі невядомыя, закрылі вочка. Ён кажа, што прасіў паказаць дакумэнты, а калі прачыніў дзьверы, на яго «адразу накінуліся» — тады ён падумаў, што яго выкрадаюць, і стаў крычаць суседзям, каб выклікалі міліцыю. Людзі, якія яго схапілі, казаў ён, былі ў чорнай вопратцы, кепках і масках; павалілі яго на падлогу, ціснулі на патыліцу і шыю, зашпілілі кайданкі.
Яраслаў Кот вучыўся ў Ейльскім унівэрсытэце (ЗША) і ў БДУ. Працаваў на катэдры крыміналістыкі юрфаку БДУ, дзе выкладае юрыдычную этыку, выступае зь лекцыямі ў бізнэс-школе ІПМ, займаецца юрыдычным суправаджэньнем бізнэсу. У верасьні 2020 году сышоў з БДУ паводле ўласнага жаданьня.