Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стратэгія Ціханоўскай: назапасіць сілы, каб у траўні прыступіць да дыялёгу з прадстаўнікамі старой сыстэмы


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

У дзень, калі прайшло паўгода зь дня выбараў, Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да грамадзян Беларусі і абвясьціла «Стратэгію перамогі для беларусаў».

«Чароўнага пляну няма, але ў нас ёсьць адзінства», — сказала Ціханоўская ў відэазвароце, заўважыўшы, што людзі даказалі факт фальсыфікацыяў, тысячы людзей ахвяравалі сваім здароўем і свабодай.


Што яшчэ сказала Ціханоўская:

  • «Мы ўсё робім правільна, і таму прасунуліся так далёка», «мы дамагліся дэлегітымізацыі рэжыму». Наступны крок — перамовы.
  • Але — не хапае рэсурсу для дыялёгу з прыхільнікамі старой сыстэмы.
  • Мы думалі, што раскол элітаў прывядзе нас да перамогі, але ў іх няма адзінства элітаў.
  • Народ ня хоча помсты, народ хоча справядлівасьці.
  • Трэба асэнсаваць ня толькі тое, што адбылося ў апошнія паўгода, але і ў апошнія 26 гадоў. Даць права на сумленны суд тым, хто рабіў злачынствы, і прыняць тых, хто сумленны перад беларусамі.
  • Мы ўсе пераацанілі рацыянальнасьць Лукашэнкі. Ён ператварыў краіну ў лягер дзеля яшчэ некалькіх месяцаў ва ўладзе.
  • Мы паўгода спрабавалі дагрукацца да чалавека, які ня быў гатовы весьці перамовы.
  • А значыць, цяпер трэба дзейнічаць іначай.

Што варта рабіць, каб пачаць дыялёг?

  • Каб дайсьці да пункту, калі пачнуцца перамовы пра новыя выбары, нам трэба зьмяніць пазыцыю сілаў.
  • Нарошчваньне рэсурсаў узмоцніць нашую перамоўную пазыцыю. Больш прафэсіяналаў, больш сілавікоў, якія ўжо звольніліся альбо дапамагаюць змагацца з рэжымам знутры.
  • Больш плятформаў і структураў, якія прадстаўляюць голас народу.
  • Больш міжнароднай салідарнасьці. Больш інфармацыйнай падтрымкі. Больш інфармацыйнай бясьпекі.

Для гэтага публікуецца Стратэгія перамогі беларусаў. Гэтая стратэгія ўжо працуе, і прасторы для дзеяньняў у ёй хопіць усім.

У тым ліку:

  • Разьвіваць дваровыя альбо раённыя супольнасьці.
  • Зьбіраць сьведчаньні карупцыі.
  • Падтрымліваць палітзьняволеных і іх блізкіх.
  • Адмаўляцца выконваць загады начальства, калі яны парушаюць правы людзей.
  • Публікаваць доказы парушэньняў законаў у тэлеграм-каналах ці канфідэнцыйна дзяліцца імі.
  • Ладзіць акцыі пратэсту, якія дапамагаюць паказаць сілу беларусаў.

«Калі мы ўсе ўключымся ў працу, да канца вясны ў нас будзе моцная пазыцыя для дыялёгу, і тады ў траўні мы пачнем перамовы з прадстаўнікамі старой сыстэмы. І мы абавязкова пераможам», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG