Судовае паседжаньне па справе намесьніка старшыні АГП Аляксандра Кабанава і ягонага сябра і калегі па блогу «Народный репортёр» Сяргея Пятрухіна пачнецца 11 лютага ў 14-30 у Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва.
Аляксандар Кабанаў быў прэс-сакратаром Сьвятланы Ціханоўскай, ён за кратамі з 15 чэрвеня 2020 году.
Аўтара каналаў «Народный репортёр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргея Пятрухіна затрымалі пад Пухавічамі 16 чэрвеня. Перад затрыманьнем міліцыянты паведамілі Пятрухіну, што забіраюць яго на «неадбытыя суткі» — паплечнікі меркавалі, што за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага заводу.
Кабанава і Пятрухіна падазраюць у «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады або актыўным удзеле ў іх» за падзеі 29 траўня ў Горадні, калі затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага.