У судзе Заводзкага раёну Менску вынесьлі прысуд у справе Івана Канявегі — індывідуальнага прадпрымальніка, дырэктара канцэртнага агенцтва Horse&Vega. З 17 сьнежня 2020 году ён знаходзіўся пад вартай, піша «Вясна».
Івана абвінавацілі адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Справа тычылася падзей у Менску ў ноч з 9 на 10 жніўня: па ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), арт. 364 (Гвалт у дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі), ч. 1 арт. 218 Крымінальнага кодэксу (Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці).
Як і ў шэрагу выпадкаў з прысудамі ўдзельнікам масавых пратэстаў, судзьдзя Кацярына Мурашка цалкам пагадзілася з просьбай пракурора даць падсуднаму 3 гады пазбаўленьня волі.
Паводле тэксту абвінавачаньня, ноччу 10 жніўня, з 00:40 да 00:45, Канявега з групай грамадзян выйшаў на праезную частку на скрыжаваньні вуліц Багдановіча, Янкі Купалы, Старажоўскай у Менску, што прывяло да парушэньня працы транспарту. Сваімі дзеяньнямі ён «перашкаджаў дзейнасьці органаў правапарадку», зь яго боку «зыходзіла пагроза ўжываньня гвалту над імі». Таксама ён нанёс ня менш за два ўдары рукамі па задняй арцы і шкле службовага аўтамабіля ДАІ.
Абвінавачаны не прызнаў сваёй віны ні па адным з прыпісаных яму артыкулаў. Сказаў толькі, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Зь яго слоў, ён, наадварот, гаварыў іншым грамадзянам паводзіць сябе мірна. На судзе ён сказаў, што сапраўды спрабаваў спыніць машыну ДАІ, бо баяўся, што яна на вялікай хуткасьці заедзе ў натоўп людзей на дарозе. Ён два разы ўдарыў рукой па машыне ззаду зьлева для прыцягненьня ўвагі інспэктараў. На машыне засталіся адбіткі яго пальцаў, па якіх пазьней і высьветлілі ягоную асобу.
На судзе далі паказаньні пацярпелыя — інспэктары ДАІ Раманоўскі і Раткевіч. Згодна зь іх паказаньнямі, «натоўп атачыў іх машыну, людзі кідалі плястыкавыя бутэлькі з вадкасьцю, білі нагамі, рукамі і іншымі часткамі цела па машыне, нанесьлі шмат пашкоджаньняў». У той момант ім стала страшна за жыцьцё, і таму яны зьехалі. Пры гэтым «напад» на машыну доўжыўся хвіліну-паўтары. Ніякіх траўмаў супрацоўнікі ДАІ не атрымалі.
Але на відэа, вывучаным у залі суду, відаць, што ад моманту спыненьня машыны ДАІ да моманту, калі яна працягнула рух, прайшло ня больш за 8 сэкундаў, хоць «пацярпелы» сьцьвярджаў, што прайшла мінімум хвіліна. А перад тым, як спыніць машыну ДАІ, натоўп людзей прапусьціў іншую, звычайную машыну. Канявега патлумачыў, што перад гэтым супраць людзей выкарыстоўваліся спэцсродкі (сьвятлашумавыя гранаты, страляніну), таму яны і спынілі экіпаж.
Падчас спрэчак бакоў пракурор адзначыў, што абвінавачаньне «ня выявіла абцяжлівых абставінаў». Аднак гэта не перашкодзіла яму папрасіць у судзьдзі 3 гады зьняволеньня для Канявегі. Адвакат адзначыў, што пляскач па машыне не супастаўны з такім тэрмінам.
У апошнім слове Іван Канявега сказаў, што ў выпадку пазбаўленьня волі ня зможа выканаць сваіх абавязаньняў у арганізацыі перанесеных з 2020 году канцэртаў, а праект мабільнай аплікацыі вымушана будзе на паўзе. Ён выказаў інспэктарам падзяку за тое, што тыя вырашылі перадаць грошы ў дзіцячы дом.