Суд праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме ў напружанай абстаноўцы і незвычайнай актыўнасьці сілавікоў, піша «Вясна».
15 лістапада Руслан Акостка прайшоў амаль праз увесь Салігорск зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яго абвінавацілі ў супраціве міліцыянту і нанясеньні яму цялесных пашкоджаньняў, якія не панесьлі цяжкіх ускладненьняў і шкоды здароўю (арт 363 Крымінальнага кодэксу).
Судзьдзя Алеся Серадзенка цалкам падтрымала патрабаваньне пракурора Аляксея Чарнышэвіча прысудзіць Акостку 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і спагнаць зь яго 2000 рублёў «матэрыяльнай кампэнсацыі».
Пацярпелы супрацоўнік Салігорскага РАУС Ягор Царыковіч распавёў, што ў той дзень заўважыў хлопца зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках, падыйшоў і папрасіў яго сысьці з парку Чатырох стыхій. Але не дачакаўшыся дзеяньняў Руслана, папрасіў таго паказаць дакумэнты, а дадзеныя запісаў сабе ў нататнік. Вярнуў пашпарт, пасьля чаго прапанаваў праехаць у Салігорскі РАУС.
Але Руслан Акостка, па словах міліцыянта, адмовіўся прайсьці зь ім, і пасьля гэтага Царыковіч разам з калегам узялі Руслана пад рукі для затрыманьня, а той пачаў аказваць супраціў.
Абвінавачваны віну ў супраціве міліцыянту з ужываньнем гвалту не прызнаў.
Адвакат прасіла апраўдаць Руслана Акостку з-за адсутнасьці ў дзеяньнях абвінавачанага складу злачынства. Але суд цалкам стаў на бок пракуратуры.