Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Менску пасадзілі на 5 гадоў за выраб двух «кактэйляў Молатава»


Мікіта Харловіч
Мікіта Харловіч

У судзе Мікіта Харловіч заявіў пра зьбіцьцё супрацоўнікамі ГУБАЗіК і лжывыя паказаньні знаёмага супраць яго.

Судзьдзя Першамайскага раёну Менску Максім Трусевіч асудзіў 30-гадовага Мікіту Харловіча на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Мужчыну пакаралі за падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках шляхам вырабу «кактэйляў Молатава», піша «Вясна».

Дзеяньні Харловіча кваліфікавалі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеяньні з прадметамі, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках).

Мікіту затрымалі 27 верасьня супрацоўнікі ГУБАЗіКу ў менскай Курасоўшчыне каля лесапаласы: у хлопца з сабой былі дзьве бутэлькі «кактэйлю Молатава» — ён ішоў іх тапіць у тэхнічным вадаёме, але не пасьпеў. На судзе ён заявіў, што ў аддзяленьні яго білі, каб атрымаць «патрэбныя паказаньні» для відэароліка. У выніку яго вымусілі іх даць.

Харловіча абвінавацілі, што ён вырабіў два гаручыя прадметы — «кактэйлі Молатава», якія захоўваў у сябе ў падвале, а 27 верасьня ўзяў іх з сабой і пайшоў на пратэст, «аднак злачынства не было даведзена да канца па незалежных ад яго абставінаў з прычыны спыненьня злачыннай дзейнасьці супрацоўнікамі МУС».

Мікіта прызнаў віну ў вырабе «кактэйляў Молатава», але паводле другога артыкулу не: ён не зьбіраўся ўдзельнічаць у масавых беспарадках.

Харловіч абвінаваціў сьведку ў паклёпе

На судзе праз скайп, са зьмененым голасам і ў балаклаве дапыталі знаёмага — Аляксандра Качанава, які сьведчыў супраць Мікіты. Харловіч заявіў, што гэтыя паказаньні сьведкі-знаёмага — «поўны паклёп і хлусьня»:

«Я ніколі не казаў Сашу, што хачу прымяніць „кактэйлі Молатава“ на нейкіх акцыях пратэсту. Я яму і не казаў, што вырабляў іх. Сашу затрымалі 9-12 жніўня. І я ня ведаю, што ён цяпер адпрацоўвае перад супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, якія ён грахі замольвае. Гэта заведама лжывыя паказаньні супраць мяне».

Зьвесткі адваката

Харловічу таксама інкрымінавалі радыкальную перапіску ў тэлеграм-чаце «Мінск 97», што нібы пацьвярджае ягоны намер удзельнічаць у масавых беспарадках, але Мікіта адмаўляе, што пісаў такое. Адвакат знайшоў у телеграме карыстальніка дакладна з такім самым нікам, як і ў Харловіча.

Таксама адвакат заявіў, што ператрусы ў Харловіча 27 і 28 верасьня правялі незаконна, без афіцыйнага дазволу пракурора. Больш за тое, незаконна правёўшы ператрус, міліцыянты канфіскавалі прадметы, якія не адносяцца да матэрыялаў справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG