Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нарадзіўся праграмістам» і «чалавек-легенда». Судзяць менчука, на якога наехаў міліцэйскі бус


Сьцяпан Чыкілёў
Сьцяпан Чыкілёў

У Фрунзэнскім судзе Менску 3 лютага пачаўся працэс над 34-гадовым айцішнікам Сьцяпанам Чыкілёвым, які трапіў пад колы міліцэйскага аўтамабіля, што рухаўся па сустрэчнай паласе. Сьцяпан апынуўся ў шпіталі з сур’ёзнымі траўмамі. Цяпер яго абвінавачваюць у хуліганстве — паводле артыкулу 339 КК.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, Чыкілёў «наўмысна, з мэтай пашкоджаньня аўтамабіля, зрабіў прыцэльны кідок у кірунку службовага аўтамабіля МУС, аднак не давёў свой злачынны намер да канца — камень трапіў у мэталічную агароджу праезных частак». Аднак сьледзтва падлічыла матэрыяльную шкоду, якую Сьцяпан нанёс агароджы — 1180 рублёў.

Што адбылося на праспэкце Пушкіна 15 лістапада

15 лістапада ў Менску праходзіў «Марш сьмелых» памяці Рамана Бандарэнкі. Сілавікі перашкаджалі пратэстоўцам сабрацца, на праспэкце Пушкіна і Прытыцкага аўтамабільны рух быў спынены. Пратэстоўцы стаялі ўздоўж дарогі, кагосьці пачалі зацягваць у сінія бусы. З праезнай часткі малады чалавек кінуў штосьці ў бок буса. І ў момант на яго наехаў другі бус, які рухаўся з боку Прытыцкага.

Зьбітага пешахода закінулі ў бус, на дарозе засталіся ягоныя красоўкі. Як высьветлілася пазьней, спачатку яго прывезьлі ў Фрунзэнскае РУУС. Здарэньне адбылося ў 12:27, увечары 34-гадовага айцішніка Сьцяпана Чыкілёва даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі.

Згодна з мэдычнымі дакумэнтамі, абсьледаваньні былі праведзеныя каля 21-й гадзіны. Мэдыкі дыягнаставалі спалучаную траўму, страсеньне мозгу, шматлікія сьляды ўдараў, драпіны, пашкоджаньне ныркі. Пацярпеламу наклалі швы, на шыю надзелі фіксавальны каўнер.

У шпіталі мужчыну трымалі пад канвоем, праз тры дні перавялі на Акрэсьціна, а потым у Жодзіна.

На Чыкілёва завялі крымінальную справу — міліцыянты сьцьвярджаюць, што малады чалавек нібыта кідаў камяні ў іхны бус. Цяпер яму пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Пра тое, што Сьцяпана затрымалі, яго сям’я даведалася ад дзяжурнага адваката — увечары ў нядзелю ў інтэрнэце ўжо зьявіліся відэаролікі здарэньня. Калі ўбачылі кадар з красоўкамі на дарозе, сумневы зьніклі: гэта былі красоўкі Сьцяпана.

«Натуральна, спачатку ў нас быў проста шок — Сьцяпан вельмі спакойны, стрыманы чалавек. Па выходных езьдзіў у той раён рабіць рамонт у сваёй кватэры, тэарэтычна мог апынуцца на Пушкінскай. Мабыць, не ўтрымаўся. Але ён моцна пацярпеў, у шпіталі надзелі адмысловы фіксуючы каўнер на шыю — зь ім яго і вярнулі на Акрэсьціна, — кажа сястра Тацяна.

Выдатна вучыўся, дасканала ведае ангельскую і нямецкую мовы

Сьцяпан Чыкілёў працуе ў буйной ІТ-кампаніі. Яго старэйшая сястра Тацяна расказвае, што брат заўсёды вучыўся вельмі добра.

«Пасьля школы адразу паступіў на бюджэт у прэстыжны радыётэхнічны інстытут (цяперашні БДУІР). Калі вучыўся на трэцім курсе, яго ўзялі на працу адразу ў сур’ёзную ІТ-кампанію ЕРАМ. Ён займаўся яшчэ і на дадатковых кампутарных курсах. У ЕРАМ яго і разьмеркавалі. Ён даволі доўга там адпрацаваў, але цяпер працуе ў іншай ІТ-кампаніі», — узгадвае Тацяна.

Сьцяпан дасканала ведае ангельскую і нямецкую мовы, заўсёды любіць спрабаваць нешта новае, і ў яго ўсё выдатна атрымліваецца, расказвае сястра.

«Брат самастойна навучыўся граць на гітары, на сынтэзатары. Ён добра малюе. Вельмі шмат чытае — ён заўсёды з кнігамі.

Я ніколі ня чула, каб ён павышаў голас, усе пытаньні вырашае спакойна і мірна.

На яго заўсёды можна разьлічваць — і на матэрыяльную дапамогу, і на мудрую параду.

Ніколі ня скардзіўся ў лістах з турмы на цяжкасьці, умовы ўтрыманьня. Піша, што кампанія ў Жодзіне добрая і цікавая, а супрацоўнікі адэкватныя.

Ён вельмі перажывае за нас, у кожным лісьце просіць прабачэньня, што прымусіў хвалявацца. Сьцяпан нас з татам пастаянна супакойвае (мамы даўно ўжо няма з намі), падбадзёрвае», — кажа сястра Тацяна.

«Сьцёпа — звышмэгаўраўнаважаны і добразычлівы хлопец»

Пра Сьцёпу можна гаварыць толькі ў пазытыўным ключы — і як пра адмыслоўца, і як пра чалавека, перакананая ягоная калега Нона Кішко.

«Для мяне гэта звышмэгаўраўнаважаны і добразычлівы хлопец, а гэта рэдкасьць — захаваць такія якасьці ва ўмовах вельмі напружанай працы на нашых праектах. Ён ніколі не адмаўляў у дапамозе і кансультацыях, нават калі соты раз падыходзіш да яго з аднымі і тымі ж пытаньнямі.

Часьцяком мне здавалася, што для яго вырашаць складаныя архітэктурныя задачы, генэраваць ідэі ў распрацоўцы гэтасама проста, як і пабалбатаць пра жыцьцё зь сябрам.

Я шчыра захапляюся прастатой і дабрынёй Сьцёпы, і ў той жа час яго неймаверным розумам. А яшчэ, аказваецца, такі сур’ёзны адмысловец можа быць вясёлым і забаўным хлопцам, зь якімі можна цікава і ненапружана паразмаўляць на розныя тэмы», — кажа Нона Кішко.

Вольга Петрапаўлаўская расказвае, што ў кампаніі Сьцяпану давяраюць самыя адказныя і складаныя задачы, і ўсе ўпэўнены, што ён усё зробіць выдатна.

«Сьцёпа нарадзіўся праграмістам, гэта яго сапраўднае высокае пакліканьне. У гэтым сэнсе ён „чалавек-легенда“.

Яго цяперашняя адсутнасьць літаральна перавярнула пляны кампаніі, многія рэчы мы проста адклалі да ягонага хуткага вяртаньня. Ён заўсёды спакойны, стрыманы, цярплівы, чулы — заўсёды выслухае, патлумачыць, параіць, на ўсіх у яго знаходзіцца час.

Жыць і разумець, што такія людзі проста вырваныя з жыцьця — і дзеля чаго? Мы ўсе вельмі спадзяёмся на ягонае як мага хутчэйшае вяртаньне», — кажа Вольга Петрапаўлаўская.

Ніна Каракіна, якая працуе разам са Сьцяпанам больш за 4 гады, адзначае ягонае надзвычай тонкае пачуцьцё гумару і ўменьне цаніць простыя рэчы.

«Сьцёпа сапраўдны прафэсіянал, цудоўны чалавек, вельмі чульлівы, тактоўны і добры, з тонкім пачуцьцём гумару. Сьцяпан вельмі спакойны, ляяльны і адказны, на яго заўсёды можна разьлічваць. Ён вельмі паважліва ставіцца да калегаў, цэніць жыцьцё і простыя рэчы. Мы вельмі сумуем па нашым сябру і калегу і зь нецярпеньнем чакаем яго», — кажа Ніна Каракіна.

«Сьцяпан 5 гадоў працуе ў нашай кампаніі на пазыцыі вядучага інжынэра-праграміста, зарэкамэндаваў сябе як прафэсіянал найвышэйшага ўзроўню. Ён сапраўдны сябар, заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу», — кажа пра Сьцяпана Чыкілёва калега Саша Цімашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG