Па яго словах, дачка падрыхтавала заяву ў Генэральную пракуратуру з хадайніцтвам аб прыпыненьні крымінальнага перасьледу па наноў пачатых справах.
Абвінавачваньне сьцьвярджае, што яе дзеяньні нібыта спрыялі «росту пратэставых настрояў». Марыя, у сваю чаргу, расцэньвае гэта як «беспрэцэдэнтны ціск і акт палітычнай расправы».
Другую навіну Аляксандар Калесьнікаў назваў «добрай»: упершыню за доўгі час дачка пабачыла... сьнег і вакзал у Жодзіне.
«Учора пасьля працяглага перапынку атрымаў дзьве весткі ад дачкі — невялікі ліст і паштоўку. Маша каротка расказвае пра сваё «рамантычнае падарожжа» з Жодзіна ў Менск. Нічога новага няма, акрамя таго, што мяне вельмі расчуліла: апісвае гэта як «прыгоду». Можаце ўявіць: цягам больш як трох месяцаў ня бачыла нават сьнегу. Вось якія перажывала эмоцыі і пачуцьці: «У працэсе пераезду радавалася сьнегу і начной цішыні на жодзінскім вакзале. Менавіта адтуль ехаў цягнік на Менск», — працытаваў бацька допіс дачкі.
На пачатку студзеня Марыю Калесьнікаву перавялі з Жодзінскай турмы ў СІЗА № 1 Менску. Разам зь іншымі чальцамі Каардынацыйнай рады яна фігурантка крымінальнай справы «аб спробе захопы ўлады».