Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Даніі ўдалося стаць самай некарумпаванай краінай сьвету


Капэнгаген
Капэнгаген

Данія — найменш карумпаваная краіна ў сьвеце, паводле дасьледаваньня Transparency International. Невялікае скандынаўскае каралеўства ачольвае гэты рэйтынг чатыры гады запар, а ў топе найменш карумпаваных краінаў яно зь першага такога дасьледаваньня, праведзенага ў 1995 годзе.

Як датчанам гэта ўдаецца?

Давер

Адно з самых распаўсюджаных тлумачэньняў дацкага фэномэну — высокі ўзровень даверу, на якім пабудавана тамтэйшае грамадзтва. Пацьвярджаюць гэта і іншыя рэйтынгі, у якіх краіна вядзе рэй. У Даніі найвышэйшы ў сьвеце паказьнік свабоды прэсы.

Данія — найлепшая для вядзеньня бізнэсу краіна ў Эўропе, паводле Сусьветнага банку, і ва ўсім сьвеце — паводле часопіса Forbes. І гэта менавіта наступства мізэрнай карупцыі, бо для многіх міжнародных кампаній гэта істотны фактар, каб укладаць грошы ў дацкую эканоміку.

Прафэсар эканомікі Орхускага ўнівэрсытэту Крыстыян Б’ёрнскаў, які займаецца дасьледаваньнямі карупцыі, ставіць культуру даверу на першае месца. Менавіта яна спрыяе таму, што людзі неахвотна даюць або прымаюць хабар. Давер, паводле дацкага прафэсара, спрыяе супрацоўніцтву і матывуе людзей працаваць з максымальнай эфэктыўнасьцю.

Сугучную думку выказвае і прафэсар Люндзкага ўнівэрсытэту (Швэцыя) Інгмар Стал. Ён скептычна глядзіць на пэрспэктыву рынкавай эканомікі ва Ўсходняй Эўропе, бо эканамісты ў гэтых краінах абмяжоўваюць дыскусію пра рынкавую эканоміку выключна тэхнічнымі пытаньнямі, праблемамі цэнаў і г. д.

«Яны не бяруць пад увагу таго, што свабодны рынак можа функцыянаваць толькі ў грамадзтве з высокім узроўнем этыкі, бо сутнасьць свабоднага рынку — гэта прынцып узаемнага даверу. Свабодны рынак павінен мець адпаведны этычны клімат, таму што вельмі важна сумленна запаўняць падатковыя дэклярацыі, дастаўляць тавар у дамоўлены час, ставіцца да якасьці сваіх вырабаў як да справы гонару».

Простыя працэдуры

За што найчасьцей даюць або бяруць хабар? За спрашчэньне працэдуры. Данія пайшла іншым шляхам. Яна сама максымальна спрасьціла большасьць працэдураў, каб ня даць карумпаваным чыноўнікам зарабіць.

На адкрыцьцё бізнэсу ў Даніі ідзе ўдвая менш часу, чым у іншых разьвітых краінах сьвету (OECD, Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця). Кампанію можна адкрыць за некалькі гадзін пры дапамозе простай сыстэмы рэгістрацыі Plug and Play («уключыў і гуляй»). Дзе тут зарабіць карупцыянэру? Тое самае з атрыманьнем дазволу на будаўніцтва: удвая менш часу, чым у іншых разьвітых краінах.

Рэгістрацыя ўласнасьці ў Даніі займае менш за адну пятую сярэдняга часу, неабходнага ў іншых краінах OECD.

Такія правілы — фіяска для любога нядобрасумленнага чыноўніка.

Капэнгаген
Капэнгаген

Адкрытасьць

Інфармацыя аб дзяржаўных выдатках у Даніі максымальна празрыстая. Празрыстасьць — той самы фактар даверу да дзяржаўных установаў і палітычных партыяў, якім хваляцца датчане.

Адкрытасьць — гэта важны фактар эфэктыўнага дзяржаўнага кіраваньня. У празрыстай сыстэме чыноўнік мае мінімальныя шанцы, каб злоўжываць дзяржаўнай пасадай у асабістых мэтах і перанакіроўваць дзяржаўнае фінансаваньне на сумнеўныя праекты.

Памятаеце фразу Лукашэнкі, што ён нібыта загадаў выдзеліць Ціханоўскай 15 тысяч даляраў наяўнымі зь бюджэту дзяржаўнага прадпрыемства, каб яна змагла ўладкавацца ў Літве? Нескладана здагадацца, што было б з дацкім чыноўнікам пасьля такіх словаў.

Дацкі ўрад імкнецца пашыраць адкрытасьць дзякуючы сучасным тэхналёгіям. Летась дацкае МЗС апублікавала справаздачу, у якой тлумачыць, як можна выкарыстаць тэхналёгію блокчэйн для барацьбы з карупцыяй. Справа ў тым, што блокчэйн можа весьці ўлік усіх апэрацый у нязьменным выглядзе. А агульнадаступная база дадзеных дае кожнаму чалавеку роўны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў рэестры. Гэта дазваляла б людзям заяўляць пра свае правы без пасярэднікаў.

Жорсткія стандарты для дзяржаўных службоўцаў

Адкрытасьць дацкай сыстэмы зьмяншае шанцы нядобрасумленных чыноўнікаў зарабіць на карупцыі. Прычына відавочная — пра гэта хутка ўсе даведаюцца, бо доступ да дзяржаўных выдаткаў і апэрацый адкрыты, а СМІ ніхто не перасьледуе. Больш за тое, урад супрацоўнічае з грамадзкімі арганізацыямі, якія змагаюцца з карупцыяй.

Імпэт аматарам карупцыі зьбівае вялікая дэцэнтралізацыя дацкай адміністрацыі і жорсткае антыкарупцыйнае заканадаўства, у тым ліку і шэраг міжнародных дамоваў, якія падпісала Данія. Нядобрасумленныя ўдзельнікі тэндэраў могуць уносіцца ў «чорны сьпіс» або мусяць выплачваць гіганцкія штрафы.

У той жа час у Даніі няма нейкага адзінага органа, які займаецца справамі аб хабары. Сур’ёзнымі эканамічнымі злачынствамі займаецца Дзяржаўны пракурор па цяжкіх эканамічных і міжнародных злачынствах. Але калі карупцыйная справа не грандыёзная, то ёю займацца звычайная мясцовая паліцыя.

Апытаньні грамадзкай думкі сьведчаць аб тым, што грамадзяне не даюць хабару супрацоўнікам паліцыі і што паліцэйскія службы лічацца аднымі з найменш карумпаваных устаноў Даніі.

Дацкая выспа Барнгольм
Дацкая выспа Барнгольм

Незалежны суд

Але заканадаўства можа быць самым жорсткім і не даваць плёну, калі ў краіне няма незалежнага суду. У рэйтынгу вяршэнства закону World Justice Project Данія таксама на першым месцы ў сьвеце.

Згаданы вышэй прафэсар эканомікі Орхускага ўнівэрсытэту Крыстыян Б’ёрнскаў увогуле перакананы, што ключ да дабрабыту — гэта незалежныя судовыя органы, якім ніхто не замінае.

Рызыка карупцыі ў судовай сыстэме Даніі нізкая. Судовая ўлада не падпарадкоўваецца іншым галінам улады, карыстаецца вялікай павагай і мае рэпутацыю незалежнай і справядлівай. Чатыры зь пяці кампаній і грамадзян ацэньваюць ступень незалежнасьці судоў у Даніі як добрую або вельмі добрую.

У патэнцыйнага незадаволенага інвэстара, які лічыць, што ён стаў ахвярай карупцыі, ёсьць магчымасьць судзіцца з Даніяй і за мяжой. Краіна падпісала тузін антыкарупцыйных канвэнцыяў, яна ўдзельніца Міжнароднага цэнтру па ўрэгуляваньні інвэстыцыйных спрэчак (ICSID). Зрэшты, у апошнія гады не паведамлялася пра сур’ёзныя спрэчкі наконт інвэстыцый у Данію.

Няўжо ў Даніі ўсё так ідэальна?

Не.

Цягам апошняга году дацкія СМІ пісалі пра шэраг карупцыйных скандалаў. Напрыклад, пра карупцыю ў індыйскай даччынай кампаніі Carlsberg і FLSmidth, пра сэксуальныя дамаганьні на рынку працы, прыняцьце на працу насуперак працэдуры. Да гэтага быў гучны скандал з супрацоўніцай сацыяльнага органа, якую абвясьцілі ў вышук Інтэрпола пасьля ўцёкаў з 17 мільёнамі даляраў дзяржаўных грошай.

Некалькі гадоў таму Danske Bank стаў галоўным героем аднаго з самых гучных у сьвеце скандалаў па адмываньні грошай. Гаворка ішла пра 200 мільярдаў эўра, праведзеных праз эстонскае аддзяленьне банка ў пэрыяд з 2007 па 2015 год. Падазроныя пераводы ішлі з Расеі і іншых былых рэспублік СССР.

У Даніі няма законаў, якія рэгулююць канфлікты інтарэсаў і раскрыцьцё інфармацыі аб актывах чальцоў парлямэнту. Раскрыцьцё такой інфармацыі — рэч добраахвотная. У мінулым годзе 20 дэпутатаў (з 179) не заяўлялі аб сваёй зьнешняй дзейнасьці альбо фінансавых інтарэсах у дэклярацыях аб маёмасьці.Рэгуляваньне палітычнага фінансаваньня ў Даніі адно з самых слабых у Эўропе.

Менавіта таму дацкі аддзел Transparency International лічыць, што адно з ключавых пытаньняў у барацьбе з карупцыяй у наступным годзе — менавіта ўзмоцнены кантроль над лабіяваньнем і падтрымкай прыватнымі кампаніямі палітычнай сыстэмы.

Капэнгаген
Капэнгаген

І якая выснова з гэтага ўсяго для нас?

Вельмі зьмястоўна наконт гэтага выказаўся ўраджэнец Пінску Рышард Капусьцінскі (1932–2007), адзін з найлепшых польскіх рэпартэраў. У сваёй кнізе «Імпэрыя», прысьвечанай постсавецкім краінам, ён напісаў:

«У посткамуністычных краінах распаўсюджанае меркаваньне, што дэмакратыя — гэта сыстэма, якая ўсё дазваляе. Але насамрэч у старых дэмакратыях мэханізмы кантролю, паслухмянасьці, ляяльнасьці і абмежаваньняў вельмі моцныя, усеабдымныя, вострыя і эфэктыўныя. Праўда, вельмі часта яны амаль незаўважныя, бо шчыльна ўплеценыя ў сыстэму грамадзкага жыцьця.

Калі гаворка ідзе пра дэмакратыю, вельмі рэдка людзі зьвяртаюць увагу на залежнасьць дэмакратыі — яе сілы, аўтарытэту і эфэктыўнасьці — ад узроўню культуры грамадзтва. Нізкі ўзровень культуры аслабляе дэмакратыю, цягне яе ўніз, не дае ёй разьвівацца і ўмацоўвацца. Пры слабым узроўні культуры грамадзтва месца дэмакратыі займае карыкатура».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG