У штогадовым рэйтынгу Corruption Perceptions Index 2020 («Індэкс успрыманьня карупцыі»), які складае арганізацыя Transparency International, Беларусь ізноў палепшыла свае паказьнікі, падняўшыся за год з 66 месца на 63-е са 180 дзяржаваў і тэрыторыяў, апынуўшыся на адным узроўні з Харватыяй і Кубай (чым вышэй месца, тым горш становішча з карупцыяй у краіне).
З суседзяў Беларусі лепшыя, чым яна, паказьнікі індэксу ўспрыманьня карупцыі маюць Эстонія (17-е месца), Літва (35-е месца), Латвія (42-е месца), Польшча (45-е месца).
У дзьвюх іншых суседках Беларусі становішча з карупцыяй, паводле справаздачы Transparency International, значна горшае, чым у Беларусі: Украіна ў рэйтынгу — на 117-м месцы, Расея — на 129-м месцы. Аднак з 2019 году абедзьве гэтыя краіны палепшылі паказьнікі, пазалетась Украіна паводле індэксу ўспрыняцьця карупцыі была на 126-м месцы, РФ — на 137-м.
У разьдзеле справаздачы, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца значнае паляпшэньне індэксу ўспрыманьня карупцыі ў краіне, пачынаючы з 2012 году. Таксама падкрэсьлена, што ў 2020 годзе, пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў, у краіне адбыліся працяглыя пратэсты, падчас якіх міжнародныя назіральнікі фіксавалі гвалт і жорсткае абыходжаньне з боку міліцыі. У справаздачы гаворыцца, што высокая карупцыя застаецца праблемай для Беларусі, дзе карупцыя сканцэнтраваная на вышэйшым узроўні дзяржаўнага кіраваньня.
Паводле Transparency International прэзыдэнцкая ўлада ў Беларусі ажыцьцяўляецца практычна без кантролю з боку заканадаўчай і судовай уладаў і эканоміка ў асноўным кантралюецца дзяржавай. Справаздача спасылаецца на выснову экспэртаў Рады Эўропы, якія абвясьцілі, што Беларусь не выканала пераважную большасьць неабходных антыкарупцыйных рэформаў.
З постсавецкіх краінаў, акрамя краінаў Балтыі, становішча з карупцыяй у 2020 годзе было лепш, чым у Беларусі, у Грузіі (45-е месца) і ў Армэніі (60-е месца).
Паводле справаздачы паказьнік індэксу ўспрыняцьця карупцыі ў Беларусі летась быў лепшым, чым у такіх краінах Эўразьвязу, як Баўгарыя, Вугоршчына і Румынія (усе — 69-е месца).
Самыя некарупцыйныя краіны сьвету ў 2020 годзе — тыя ж, што і пазалетась, Данія і Новая Зэляндыя.
Замыкаюць сьпіс, ізноў жа як і пазалетась, Сырыя, Самалі і Паўднёвы Судан.
У справаздачы Transparency International за 2020 год падкрэсьліваецца ўплыў карупцыі на рэакцыю ўрадаў на пандэмію COVID-19. У дакумэнце падкрэсьліваецца, што высокая карупцыя падрывае сыстэмы аховы здароўя і спрыяе дэмакратычнаму адступленьню на фоне пандэміі COVID-19. Паводле арганізацыі дзяржавы, дзе менш карупцыі, укладаюць больш грошай у ахову здароўя і менш схільныя парушаць дэмакратычныя нормы і вяршэнства закона.
«COVID-19 — гэта не толькі крызіс аховы здароўя і эканомікі. Гэта карупцыйны крызіс. І мы зараз не спраўляемся зь ім», — сказала Дэлія Ферэйра Рубіё, старшыня Transparency International. «Мінулы год выпрабоўваў урады, як ніколі раней, і тыя, хто мае больш высокі ўзровень карупцыі, горш змаглі адказаць на выклік».
Сярод асаблівасьцяў леташняй сытуацыі адзначаюцца найгоршы з 2012 году паказьнік усьпрыманьня карупцыі ў ЗША, гэтая краіны заняла 25 месца. У дадатак да меркаваных канфліктаў інтарэсаў і злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі на самым высокім узроўні ў ЗША, у 2020 годзе слабы нагляд за пакетам дапамогі COVID-19 на суму адзін трыльён долараў выклікаў сур’ёзную занепакоенасьць і адзначыў адступленьне ад даўніх дэмакратычных нормаў — гаворыцца ў справаздачы.
Індэкс успрыняцьця карупцыі вылічваецца на аснове незалежных апытаньняў міжнародных экспэртаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацыяў.
Гэта індэкс менавіта ўспрыманьня карупцыі, а не вымярэньне самой карупцыі. Экспэрты і насельніцтва могуць балюча ўспрымаць нават параўнальна невялікую карупцыю, але могуць і лічыць прымальнай і нармальнай нават высокую карупцыю.