Выкладчыкі БДУІР Юры Луцык і Васіль Мяцельскі запэўніваюць, што зрыву заняткаў не адбылося. Дэкан факультэту Леанід Шылін прызнаўся, што назваў Арцёма «дурнем». Студэнты-першакурсьнікі сьцьвярджаюць, што Арцёма ня памятаюць, а да страйку ніхто не далучыўся.
Былы студэнт прэстыжнага факультэту кампутарных сыстэм і сетак БДУІР Арцём Вінакураў абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак — артыкул 342 КК.
У першы дзень выступілі дзяржаўны абвінаваўца і сьведкі: ахоўнік, дэкан, некалькі выкладчыкаў і студэнтаў, бацькі Арцёма Вінакурава.
Судзьдзя Марына Фёдарава, дзяржабвінаваўца — Чабатароў, адвакат — Андрэй Балмакоў.
«Заклікаў студэнтаў падтрымаць страйк»
Дзяржабвінаваўца кажа, што Арцём Вінакураў 26 кастрычніка з групай асобаў раніцай заходзіў у некалькі аўдыторый з мэтай зрыву вучэбнага працэсу; увайшоўшы, група заклікала студэнтаў падтрымаць страйк, пакінуць аўдыторыі, скандавалі лёзынгі: «Мы тут улада», «Пока мы едины, мы непобедимы», «Забастоўка», «Далучайся», «Жыве Беларусь». На заўвагі Арцём не рэагаваў.
Арцём Вінакураў на судзе віну прызнаў цалкам.
Сьведка Баруценка, супрацоўнік Дэпартамэнту аховы, быў у той дзень на службе ў БДУІР. Сказаў, што раніцай сабраліся студэнты — чалавек 10, маса далей нарастала, і пайшлі па аўдыторыях. Абвінавачанага ў твар ён ня памятае, бо людзей было шмат. Выкрыквалі агульныя фразы, магчыма, «Разам мы сіла», «Жыве Беларусь». Сымболікі ў студэнтаў не было.
Дэкан Шылін: «Я сказаў: „Ты дурань“. Усе зьдзівіліся»
Дэкан факультэту інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня БДУІР Леанід Шылін расказаў, што 26 кастрычніка дэканат праводзіў праверку наведвальнасьці ва ўнівэрсытэце, наяўнасьць студэнтаў. Ён выбраў для праверкі 4-ы корпус БДУІР.
«У студэнтаў 1 курсу была матэматыка ва аўдыторыі 108. Ішоў вялікі натоўп, чалавек 80, людзі шумелі. Я хацеў іх не пусьціць, зачыніў дзьверы. Студэнты пайшлі ў іншую аўдыторыю.
Спачатку размова была спакойнай, потым пайшлі эмоцыі. Мяне вельмі зьдзівіла пастаноўка пытаньня: „Мы студэнты, мы тут гаспадары“. Я закрычаў, што гаспадар тут я, адбылася спрэчка. Малады чалавек пачаў мне пярэчыць. Тады я сказаў: „Ты дурань“. Усе зьдзівіліся. Я кажу: „Ідзіце адсюль“.
Я пайшоў далей па аўдыторыях — паўсюль былі заняткі, але прысутнічалі ня ўсе студэнты. Ня вельмі ўдалося загітаваць студэнтаў сысьці. Калі і былі сарваныя заняткі, то максымум на хвілін 10. І студэнтаў, якія б сышлі на заклікі далучыцца да страйку, я ня бачыў», — кажа дэкан Шылін.
Калі ён прыйшоў у дэканат, прыкладна праз паўгадзіны ў інтэрнэце ўжо зьявіўся ролік.
Дэкан настойвае, што менавіта Арцём быў завадатарам, лідэрам у групе студэнтаў.
На пытаньне адваката, ці быў канфлікт ад пачатку, Шылін сказаў што не. «Хтосьці паставіў нагу, калі я хацеў зачыніць дзьверы, але гэта быў не Вінакураў».
На пытаньне адваката, ці зьяўляецца Шылін уладальнікам унівэрсытэту, ён адказаў так: «Я не ўладальнік, але я чалавек, які адказвае за факультэт і навучальны працэс... Такога прыніжэньня за 50 гадоў працы ва ўнівэрсытэце я ніколі раней не адчуваў».
Арцём публічна папрасіў прабачэньня ў дэкана Леаніда Шыліна.
Дацэнт БДУІР: «Я ня памятаю, каб у мяне калі-небудзь быў зрыў заняткаў»
Сьведка Юры Луцык, дацэнт катэдры ЭВМ, кажа, што па панядзелках у яго заняткі а 9-й раніцы. Экспэрымэнты ў адукацыі прывялі да таго, што часу на вучэбны працэс няма. На лекцыях студэнты паводзяць сябе вельмі актыўна, шумна, горача абмяркоўваюць тэмы.
«Я ня памятаю, каб у мяне калі-небудзь быў зрыў заняткаў. Часам прыходзіць дэкан правяраць. Адзінае, калі былі сарваныя заняткі — гэта калі быў каранавірус і заняткі адбываліся дыстанцыйна. Зрываў заняткаў у мяне ніколі не было», — пераконвае Юры Луцык.
На пытаньне дзяржабвінаваўцы, ці заходзіла ў аўдыторыю група студэнтаў 26 кастрычніка, выкладчык сказаў, што ня памятае.
Яшчэ адзін дацэнт БДУІР, Васіль Мяцельскі, гаворыць, што ва аўдыторыю зайшоў спачатку дэкан. А літаральна праз 5 сэкундаў зайшлі студэнты — чалавек 30.
«Яны пачалі штосьці выкрыкваць, я слаба памятаю, што, бо ўжо быў хворы — на наступны дзень пайшоў на бальнічны з ковідам. У канфлікце з дэканам я ня ўдзельнічаў, не прыслухоўваўся, што яны казалі, — лекцыя складаная, я стараўся ня зьбіцца са свайго матэрыялу. Калі яны сышлі, лекцыя працягнулася. Крыху „паскорыўся“; я потым дасылаю матэрыялы па электроннай пошце. Ня думаю, што прыход студэнтаў аказаў уплыў на вучэбны працэс», — мяркуе дацэнт Васіль Мяцельскі.
Сьведкамі былі і шмат студэнтаў — у асноўным першакурсьнікі, якія ня ведаюць Арцёма Вінакурава.
Ганна Зенчанка, студэнтка 1 курса БДУІР, распавяла, што лекцыя дацэнта Луцыка 26 кастрычніка праходзіла, як звычайна, прыкладна ў 9:20 зайшла група студэнтаў, папрасіла падтрымаць страйк.
«Студэнты не былі агрэсіўна настроеныя. У аўдыторыі яны знаходзіліся хвілін 5-7. Што за страйк, не абмяркоўвалася. Ніхто да страйку з маёй групы не далучаўся», — кажа Ганна Зенчанка.
Арцём Хаціневіч кажа, што сымболікі ў групы студэнтаў не было, чуў толькі, што заклікалі да страйку, а што за страйк, ён не прыслухоўваўся. Людзі былі ў масках, нікога не запомніў. Ніхто зь ягонай групы да страйку не далучыўся.
Глеб Сідараў наагул першую лекцыю ў той дзень праспаў і пра падзеі ведае толькі са слоў іншых.
Маці Арцёма Марына Мар’яш кажа, што стасункі з сынам у яе даверлівыя, Арцём сур’ёзны, самастойны, самадастатковы хлопец. Яна глядзела толькі ролік разам з сынам, яны размаўлялі пра гэта.
«Мы абое пагадзіліся, што размова была залішне эмацыйнай. Сын перажываў, да дзьвюх гадзін ночы ня спаў. На наступны дзень хлопца забралі», — кажа Марына Мар’яш.
Аляксандар Вінакураў, бацька Арцёма, характарызуе сына як сур’ёзнага чалавека, які добра вучыцца, і дамаседа. Даведаўся пра падзеі ўвечары, калі прыйшоў дадому з працы.
«Асноўны эпізод на відэа — спрэчка дэкана Шыліна і Арцёма. Мы з жонкай сказалі, што са старэйшымі трэба размаўляць больш паважліва. Больш тэму мы не разьвівалі», — кажа Аляксандар Вінакураў.
У судзе абвясьцілі перапынак да 14:30.