«Нічога страшнага. Мы праз паўгадзіны вас выпусьцім»
Дзешука затрымалі на вуліцы Бярозаўкі Лідзкага раёну 20 студзеня. Падышлі людзі ў цывільным, на ягоную просьбу паказалі міліцэйскія пасьведчаньні. Патлумачылі, што хочуць праехаць разам у Лідзкі РАУС і пагутарыць пра выпадак у Лідзкім раёне, калі невядомыя паклалі на рэйкі чыгункі бэтонныя слупы.
«Нічога страшнага. Мы праз паўгадзіны вас выпусьцім», — прыгадвае словы міліцыянтаў Дзяшук.
Аднак ён выйшаў толькі праз трое сутак у статусе падазраванага па іншай справе. Яго падазраюць у злосным хуліганстве (частка 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Нібыта Дзяшук разам з групай асобаў падчас агучваньня прысуду Вітольду Ашурку 18 студзеня ў судзе Лідзкага раёну «груба парушаў грамадзкі парадак сваімі дзеяньнямі, выкрыкваў цынічныя фразы». Па гэтым артыкуле прадугледжанае пакараньне да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Суд над Ашуркам праходзіў у закрытым рэжыме. Аднак на прысуд у апошні момант дазволілі прыйсьці ўсім ахвотным. Сабралася каля 50 чалавек. Калі людзі пачулі, што Ашурку далі 5 гадоў калёніі, пачалі гукаць у судовай залі «Ганьба», «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».
«Здымаў відэа, каб маці паглядзела, што сын жывы, здаровы»
Юрась Дзяшук прыйшоў на суд як журналіст. Яго відаць са сьпіны на відэа Вольгі Быкоўскай, якое яна разьмясьціла ў сваім Фэйсбуку. Юрась у правай частцы кадра ў бела-чырвоным шаліку здымае на відэа Вітольда, а таксама ўсё, што адбывалася ў залі пасьля прысуду. Ён адмаўляе, што нешта выгукваў або неяк парушаў закон.
«Тых дзеяньняў, якія мне інкрымінуюць, я не рабіў... Я проста здымаў на відэа. Падышоў да клеткі зь Вітольдам. Адзінае, што я прамовіў у залі суду, гэта паклікаў Вітольда і сказаў яму словы падтрымкі, сказаў: „Вітольд, трымайся. Мы цябе дастанем“. У гэты час людзі крычалі. Калі Вітольда выводзілі з клеткі, я яшчэ раз сказаў: „Вітольд, трымайся“», — успамінае суразмоўца.
Дзяшук здымаў відэа ня толькі для працы, але і сабе на памяць. Яны з Ашуркам добрыя прыяцелі.
«Вітольда на 5 гадоў пасадзілі. Невядома, калі ён выйдзе. Проста на памяць, каб зафіксаваць таго Вітольда, якога я ведаю зараз... Паказаць маме ягонай. Ёй 82 гады, каб яна паглядзела, што сын жывы, здаровы, што зь ім усё ў парадку», — кажа Юрась.
На гутарцы ў РАУС пра бэтонныя слупы на чыгунцы гаварылі толькі першыя паўгадзіны. Потым Дзешука перадалі іншым супрацоўнікам і пачалі яго дапытваць, ці мае ён дачыненьне да справы аб хуліганстве ў судзе.
Журналіст мяркуе, што няма ніякіх доказаў ягонай віны. Ён бачыў, што двое міліцыянтаў з розных бакоў вялі відэаздымку, калі абвяшчалі прысуд Ашурку. Яму гэтых ролікаў не паказвалі. Аднак Дзяшук упэўнены, што на відэа відаць: у судзе ён не рабіў нічога супрацьзаконнага. Ён папрасіў далучыць да справы сваё відэа, якое здымаў у судзе.
Іншых падазраваных па справе ён ня ведае.
«Мне сказаў сьледчы, што я адзін [падазраваны]», — узгадвае Юрась.
Як 20 студзеня камэнтаваў «Нашай Ніве» прадстаўнік МУС па Горадзенскай вобласьці Яўген Дудко, па выпадку на тым судзе затрымалі 8 чалавек, пяцярых зь іх адпусьцілі без пратаколаў. Трох апытаных у межах крымінальнай справы таксама адпусьцілі.
«Вітольд сказаў, што сёлета ўсе разам убачымся»
Сваякі здолелі перадаць Дзешуку ў ізалятар цёплыя рэчы і ежу. Сам ён кажа, што супрацоўнікі ІЧУ ставіліся да іх карэктна. Сядзеў у камэры 2,5×3,5 мэтра. Разам зь ім былі яшчэ два «непалітычныя крымінальнікі». Пасьцельную бялізну ім на 72 гадзіны не выдавалі, былі стары матрац, падушка і плед. Спалі ў адзеньні, накрываліся курткамі. У маразы ў камэры было холадна, потым пацяплела. На прагулкі не выводзілі. Кармілі нармальна.
«Там, дзе ясі, там і ў туалет ходзіш», — кажа пра ўмовы Юрась.
Дзяшук даведаўся, што ў суседняй камэры перад этапам у Горадню сядзеў Вітольд Ашурак. Ім удалося паразмаўляць. Юрась расказаў прыяцелю пра тое, што адбывалася пасьля прысуду, і пра сваё затрыманьне. Вітольд тады пачаў хварэць, але запэўніў, што адчувае сябе нармальна.
«Ён перадаваў усім прывітаньне, сказаў, што сёлета ўсе разам убачымся», — пераказвае Дзяшук.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.