Санаторый «Беларусь» у Юрмале пазьбег санкцыяў Эўразьвязу — адрозна ад аналягічнага санаторыю ў літоўскіх Друскеніках, піша delfi.lt.
Раней банк Swedbank, выконваючы рашэньне Эўразьвязу аб санкцыях, заблякаваў рахункі санаторыю ў Друскеніках. Улады Літвы рабілі захады, каб дапамагчы супрацоўнікам: ім выплацілі аднаразовую дапамогу па звальненьні. А вось санаторый у Юрмале працягвае прымаць пацыентаў. Адзіная ўмова — наяўнасьць адмоўнага тэсту на COVID-19.
Аказалася, што юрмальскі санаторый пазьбег санкцыяў дзякуючы юрыдычным нюансам. У прэс-службе МЗС Латвіі ўдакладнілі, што іх санаторый належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта Беларусі, а літоўскі — Галоўнай гаспадарчай управе Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. У санкцыйным сьпісе толькі апошняя.
Пры гэтым прадстаўнік Камісіі рынку фінансаў і капіталу Ая Брыкшэ сказала журналістам, што юрмальскі санаторый ужо трапіў у поле зроку камісіі. Але падрабязнасьцяў расьсьледаваньня латыская арганізацыя не паведаміла.
Санкцыі Эўразьвязу супраць канкрэтных асобаў у Беларусі былі ўведзеныя за масавыя фальсыфікацыі на прэзыдэнцкіх выбарах і тэрор супраць мірных пратэстоўцаў. У Брусэлі падкрэсьліваюць, што працуюць над пашырэньнем санкцыяў. Гэта можа пацягнуць за сабой зьяўленьне чацьвёртага пакету санкцыяў.