Некалькі сотняў грамадзян Літвы апынуліся ў складаным становішчы пасьля санкцый Эўразьвязу супраць санаторыю ў Друскеніках, паведамляе Delfi. Санаторый «Беларусь» зьвязаны з адміністрацыяй Лукашэнкі; адпаведна, ён трапіў пад блякаваньне рахункаў.
Прэс-сакратарка кіраўніка літоўскага МЗС Габрыелюса Ландсбергіса Вітаўце Шмайжыце патлумачыла, што ў ведамстве ўсьведамляюць, у якой складанай сытуацыі цяпер літоўскія грамадзяне, якія працуюць у санаторыі, а таму абгаворваюць розныя варыянты дапамогі з тым, каб дапамагчы толькі сваім грамадзянам, а не рэжыму Лукашэнкі.
Шмайжытэ таксама падкрэсьліла, што праз далейшы гвалт у Беларусі ўзрасла рызыка для прадпрыемстваў, якія наўпрост працуюць з рэжымам.
«Вельмі важна не забываць, чаму былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненьні прадпрыемстваў і фізычных асобаў Беларусі — за няспынны гвалт супраць мірных пратэстоўцаў у краіне. Магчыма, санкцый будзе яшчэ больш».
Рахункі санаторыю «Беларусь» былі арыштаваныя 18 сьнежня. Па дадзеных Фонду сацыяльнага страхаваньня Літвы, у санаторыі працуюць 393 чалавекі.
Рэакцыя ў Менску на падзеі ў Друскеніках
Міністэрства замежных спраў Беларусі пракамэнтавала гэтую заяву ўладаў Літвы, якія паабяцалі дапамагчы пэрсаналу санаторыю «Беларусь» у Друскеніках у сувязі з санкцыямі Эўразьвязу.
«Гэта ня толькі недасканаласьць прынятых рашэньняў, пра якую мы ўвесь час казалі, але і прыклад крывадушнасьці. Адразу літоўскі бок бяздумна ці, наадварот, сьвядома заварвае праблему, пакінуўшы сваіх грамадзян у навагоднія сьвяты без заробку, а затым заяўляе пра гераічныя высілкі ў вырашэньні пытаньня. Сытуацыя, зразумела, у нас на кантролі, і мы абавязкова праінфармуем, калі яе вырашыць літоўскі бок», — адрэагаваў начальнік упраўленьня інфармацыі МЗС Анатоль Глаз.
Ён выказаў упэўненасьць, што паколькі адказнасьць уладаў Літвы відавочная, проста словамі «адкруціцца не атрымаецца».
«У пагоні за палітычнымі дывідэндамі нашыя „добразычліўцы“ працягваюць наўмысна наносіць відавочную шкоду менавіта простым беларусам, за дабрабыт якіх яны нібыта выступаюць. Санаторый „Беларусь“ — мэдычная ўстанова, цэнтар рэабілітацыі для дзяцей, у тым ліку інвалідаў. Там штогод лечацца больш за 13 тысяч чалавек, палова зь іх дзеткі. Літоўскі бок разам зь ініцыятарамі санкцыйнага пакету зможа адказаць перад кожным і забясьпечыць кампэнсацыю?», — працягнуў Глаз.
«Санаторый «Беларусь» — адзін з найбуйнейшых на тэрыторыі Літвы. З 400 супрацоўнікаў амаль 90% — літоўскія грамадзяне. Беларуская мэдустанова рэгулярна ўваходзіць у пяцёрку асноўных падаткаплатнікаў Друскенікаў.