Новы прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у першы дзень свайго знаходжаньня на пасадзе падпісаў 17 указаў. Ён адмяніў некалькі рашэньняў свайго папярэдніка Дональда Трампа, які 20 студзеня пакінуў Белы дом.
- Байдэн падпісаў указ пра далучэньне ЗША да Парыскага пагадненьня аб клімаце, зь якога яна выйшла пры Трампу,
- скасаваў рашэньне пра выхад з Сусьветнай гандлёвай арганізацыі,
- адмяніў выхад з Сусьветнай арганізацыі здароўя,
- зьняў забарону на ўезд у ЗША з шасьці краін зь пераважна мусульманскім насельніцтвам,
- спыніў будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай,
- аднавіў забарону на будаўніцтва нафтаправоду Keystone.
Сярод найбліжэйшых плянаў Байдэна:
- адмяніць забарону на службу транссэксуалаў у войску,
- скасаваць указ Трампа пра выключэньне неграмадзянаў зь перапісу насельніцтва,
- аднавіць больш строгія стандарты выкідаў вуглекіслага газу ў атмасфэру, адмененыя Трампам.
Байдэн таксама загадаў насіць маскі ва ўсіх дзяржаўных установах.
Толькі два амэрыканскія прэзыдэнты ў нядаўнім мінулым падпісвалі ўказы ў першы ж дзень свайго знаходжаньня на пасадзе, і кожны падпісаў толькі адзін указ. Але памочнікі Байдэна сказалі, што ён поўны рашучасьці дзейнічаць неадкладна, адзначае «Голас Амэрыкі».