Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня. Ігар галадае ўжо 41 дзень.
Жыхары Менску раніцай нядзелі выйшлі на марш, а таксама сталі ў ланцуг на знак салідарнасьці з палітвязьнем Ігарам Лосікам.
Дзеці, жыхары дамоў на «плошчы Пераменаў» у Менску стварылі сэрыю малюнкаў, прысьвечаных Ігару Лосіку.
На іх абыгрываецца прозьвішча палітвязьня, ёсьць пажаданьні спыніць галадоўку і выказваюцца надзеі, што сытуацыя неўзабаве выправіцца.
Жонка Ігара Дар'я Лосік паведаміла Свабодзе, што новыя зьвесткі пра стан здароўя палітвязьня могуць стаць вядомымі ў панядзелак, калі да Лосіка паспрабуюць трапіць у жодзінскую турму, дзе ён утрымліваецца.
20 студзеня Лосіка перавялі ў новую камэру, дзе стаяць тры відэакамэры, празь якія вядзецца назіраньне за памяшканьнем.
Галадоўку на знак пратэсту Лосік абвясьціў 15 сьнежня, калі яму прад’явілі новыя абвінавачаньні — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней Лосіка абвінавачвалі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.