Сярод першых ахвяраў былі Сяргей Нігаян, Міхась Жызьнеўскі, Раман Сенік, Юры Вярбіцкі.
Шэсьце памяці арганізавала грамадзкая арганізацыя «Сям’я Герояў Нябеснай сотні». Яно рушыла з вуліцы Грушэўскага. Удзельнікі акцыі, да якіх далучыліся і некалькі беларусаў-уцекачоў, спыняліся каля кожнага памятнага знаку, усталяванага пасьля трагічных падзеяў.
Удзельнікі акцыі запалілі зьнічы і ўсклалі кветкі да памятных знакаў загінулым. Там жа, на вуліцы Грушэўскага, адбылася і паніхіда.
Як казала Свабодзе адвакатка ў справе Нябеснай сотні Яўгенія Закрэўская, расьсьледаваньне гэтага эпізоду ўскладнена тым, што ўсе першасныя сьледчыя дзеяньні праводзіліся ў пэрыяд, калі пратэст працягваўся (аж да канца лютага 2014 году) і хутчэй мелі на мэце замесьці сьляды і адвесьці падазрэньне ад праваахоўнікаў, чым раскрыць злачынства.
Людзі ўскладалі кветкі, а прадстаўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны правёў служэньні на месцах гібелі Міхася Жызьнеўскага і ўсіх тых, хто загінуў у гэты дзень 7 гадоў таму.
«Я прыйшоў ушанаваць памяць Міхася Жызьнеўскага ня толькі таму, што ён герой Украіны. Ён герой-беларус, які зьяўляецца прыкладам адвагі і гонару», — сказаў Свабодзе беларус Аляксей.