Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чачэрскі школьнік трапіў у шпіталь, як мяркуецца, пасьля ўдару настаўніцы


Заняткі ў чачэрскай школе №2. Ілюстрацыйнае фота
Заняткі ў чачэрскай школе №2. Ілюстрацыйнае фота

18 студзеня ў раённы шпіталь трапіў вучань 6-й клясы школы № 2 Чачэрску. Паводле папярэдняй інфармацыі, настаўніца стукнула яго галавой аб парту. Цяпер міліцыя праводзіць праверку, прызначана экспэртыза.

Бацькі 11-гадовага хлопчыка пакуль не падавалі заявы ў міліцыю. У РАУС прыйшло паведамленьне са шпіталю, што хлопчык паступіў з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай.

Як стала вядома Свабодзе, настаўніца мае вышэйшую катэгорыю, працуе ў адукацыі 25 гадоў і раней да яе не было прэтэнзій. Яна выкладае беларускую мову і літаратуру. Прычыны такіх паводзін настаўніцы пакуль невядомыя.

У школе № 2 адказалі, што дырэктар, завуч і настаўніца беларускай мовы паехалі «на мерапрыемства» і сёньня іх ня будзе.

«У мяне яна таксама выкладала мову і літаратуру, — расказала ў камэнтары Свабодзе адна з жыхарак Чачэрску. Яна просіць не называць яе імя. — Скажу так, што такія паводзіны, напрыклад даць хлопчыкам „ляшча“, для яе былі звыклымі. Усе ўспрымалі гэта як норму і нікуды ня скардзіліся».

У верасьні 2019 году ў Гомлі разгарэўся скандал з удзелам настаўніцы малодшых клясаў. Дзеці запісалі на відэа, як яна трымала парту над галавой 4-клясьніка і пагражала яму. Настаўніцу звольнілі, але пасьля ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі яе аднавілі на працы. Наўзамен звольнілі начальніка абласнога ўпраўленьня адукацыі і шэраг іншых чыноўнікаў.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG