Людзі, якія адбываюць пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 21, накіравалі ў Генэральную пракуратуру калектыўную скаргу на ўмовы ўтрыманьня на «хіміі» і непрымальнае стаўленьне кіраўніцтва да іх. Усяго ва ўстанове цяпер 83 асуджаныя, скаргу падпісалі каля 60 зь іх, паведаміў «Белсат».
У калектыўнай скарзе пакараныя інфармуюць пра злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі начальнікам мазырскай «хіміі» Дзьмітрыем Дываноўскім, а таксама ягонымі намесьнікамі Дзьмітрыем Піваваравым і Дзьмітрыем Астаповічам. Падпісанты скардзяцца на сваволю, зьняважлівае стаўленьне да асуджаных, кепскія побытавыя ўмовы. Яны папрасілі Генпракуратуру правесьці праверку апісаных фактаў.
Яны ўказалі, што кіраўніцтва ПУАТ № 21 цалкам пазбавіла асуджаных свабоды, хоць паводле выраку ў іх мусіць быць толькі абмежаваньне волі. Ёсьць інфармацыя, што на аднаго з арганізатараў збору подпісаў пад лістом ужо аформілі парушэньне рэжыму. За тры парушэньні асуджанага могуць адправіць з «хіміі» ў турму.
Які прэтэнзіі маюць падпісанты
Пакідаць камэндатуру, дзе жывуць асуджаныя, цяпер можна толькі ў суправаджэньні яе супрацоўнікаў. Ад гэтага зацягваюцца, напрыклад, некаторыя мэдычныя працэдуры падчас каранавірусу, бо колькасьць супрацоўнікаў абмежаваная. Удвая павялічылася колькасьць праверак, цяпер іх як мінімум 6 штодня.
Кіраўніцтва забараняе хворым сядзець і ляжаць на ложках. Тэмпэратура ў карантынным памяшканьні не падымаецца вышэй за 14 градусаў, дадатковых коўдраў не выдаюць. Толькі 15 студзеня, падчас праверкі з гомельскай управы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, тэмпэратуру павысілі да +21.
Асуджаным на «хімію» не дазваляюць выходзіць на працу ў выходныя дні, куды яны часам хочуць пайсьці з дазволу працадаўцаў. Законам прадугледжана таксама і адпускаць асуджаных на некалькі дзён дадому за добрыя паводзіны. Але і гэтага іх пазбавілі, выдумляючы прычыны, каб не пусьціць.
Карэспандэнцыю, якую яны атрымліваюць зь дзяржаўных органаў, ускрываюць і чытаюць. Кіраўніцтва адказвае, што правярае, ці няма ў канвэртах наркатычных сродкаў, хаця лісты прыходзяць з судоў, пракуратуры.
Кухня і душ у камэндатуры працуюць толькі паводле раскладу, які можа не супадаць з працоўным графікам асуджаных, таму многія застаюцца бяз душу і гарачай ежы. Спартовую залю наогул зачынілі зь невядомай прычыны.
Пакараныя ў мазырскай папраўчай установе даведаліся, што ў іншых падобных месцах такіх захадаў няма. Там дазваляюць і выхад у горад, і паездкі дадому на тры дні.