«Пакуль што ў межах маскоўскага мэханізму існуе каля 80 прапаноў, над якімі мы зьбіраемся працаваць цягам швэдзкага старшынства ў АБСЭ», — сказала Ан Ліндэ, адказваючы ў Кіеве на пытаньне Свабоды, ці можа гарантаваць АБСЭ бясьпеку для вяртаньня Сьвятланы Ціханоўскай і іншых апазыцыйных палітыкаў у Беларусь ды ці мае новыя ідэі, як спыніць гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі.
Дзейная старшыня АБСЭ падкрэсьліла, што беларускія ўлады сваім стаўленьнем да ўдзельнікаў пратэстаў парушаюць міжнароднае права і абавязаньні Беларусі як дзейнага сябра АБСЭ.
«Я займалася пытаньнем Беларусі амаль 20 гадоў. Упершыню я наведала гэтую краіну 15 гадоў таму, і летась, калі мы зьбіраліся ў фармаце „тройкі“ пасьля выбараў у Беларусі, калі стала зразумела, што гэтыя выбары не былі свабоднымі і сумленнымі, а ў часе пратэстаў затрымалі каля 30 тысяч чалавек. Адразу пасьля гэтага, калі мы пабачылі, што ў часе пратэстаў і пасьля затрыманьня да людзей прымянялі катаваньні і жорсткае абыходжаньне, мы прапанавалі так званы маскоўскі мэханізм АБСЭ», — дадала Ан Ліндэ.
«І, вядома ж, адкрытым застаецца пытаньне, якім чынам мы можам дапамагчы лідэрам апазыцыі і Сьвятлане Ціханоўскай, зь якой я мела магчымасьць сустрэцца ў Стакгольме. Якім чынам у рамках нашай арганізацыі мы можам спрыяць дыялёгу між апазыцыяй і цяперашнім рэжымам. Я абмяркоўвала гэтае пытаньне зь міністрам замежных спраў Беларусі і лідэрамі апазыцыі. На жаль, цяпер дыялёг немагчымы, пакуль застаюцца ня вызваленымі ўсе затрыманыя і палітычныя вязьні. На гэта спатрэбіцца час».
Ан Ліндэ знаходзіцца ў Кіеве з працоўным візытам.
18 студзеня Ціханоўская правяла онлайн-сустрэчу з амбасадарамі Эўразьвязу у Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ). Яна папрасіла гарантый бясьпечнага вяртаньня ў Беларусь для сябе і іншых палітыкаў.