Першым дапыталі абвінавачанага Зьмітра Фурманава. Яго вінавацяць у парушэньні толькі аднаго артыкула, у адрозьненьне ад двух іншых фігурантаў у клетцы.
Зь ягоных словаў, ён ня быў зарэгістраваны ў палітычных або грамадзкіх арганізацыях. Ён быў адміністратарам тэлеграм-чата «Страна для жизни». Гэтую пасаду яму прапанаваў Сяргей Ціханоўскі.
«Ціханоўскі ўбачыў, што я дастаткова добра камунікую зь людзьмі, спрабую ўлагоджваць канфлікты. Гэтага было дастаткова, каб прапанаваць мне гэтае месца», — патлумачыў Фурманаў.
У чаце, як ён расказаў, размаўлялі на ўсялякія тэмы пра жыцьцё людзей. Фурманаў сачыў, каб людзі прытрымліваліся правілаў чату: ня лаяцца, напрыклад. Сачыў за чатам бясплатна, траціў на гэта каля гадзіны ў дзень. Былі ў чаце і іншыя адміністратары, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская, іншых Фурманаў ня ведаў.
«Ці абмяркоўваліся палітычныя тэмы сярод грамадзянаў?» — запытаўся пракурор.
«Ня здолею ўспомніць», — адказаў Фурманаў.
Пракурор распытваў Фурманава пра стасункі зь ягонай дзяўчынай Вольгай Каракінай, таксама пра тое, што зацікавіла ў блогу Сяргея Ціханоўскага. Фурманаў адказаў, што тэмаў шмат, маўляў, усіх не прыгадаеш, яны тычыліся жыцьця людзей.
Фурманаў сустракаўся зь Ціханоўскім летась у лютым, калі той рабіў фільм пра Горадню. Тады на сустрэчу прыйшлі каля 10 чалавек, Ціханоўскі браў у людзей інтэрвію. Сам Фурманаў даваў інтэрвію Ціханоўскаму ў красавіку, за гэта атрымаў 7 сутак па адміністрацыйным артыкуле 23.34. Фурманаў паказваў Ціханоўскаму Горадню ў ягоны першы прыезд, суправаджаў па горадзе.
Як расказаў Ціханоўскі Фурманаву, ён езьдзіў па гарадах і здымаў інтэрвію за грошы людзей, падпісчыкаў, якія ахвяравалі яму грошы.
«Ці ўтрымліваюць гэтыя ролікі пазытыўную інфармацыю пра дзейнасьць дзяржаўных органаў улады, або толькі нэгатыў?» — запытаўся пракурор пра матэрыялы на YouTube-канале Ціханоўскага.
«Адмаўляюся ад паказаньняў», — адказаў Фурманаў.
Фурманаў адзначыў, што быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай па ўласным жаданьні, грошы за гэта яму не абяцалі. Фурманаў езьдзіў разам зь Ціханоўскім і зьбіраў подпісы ў Гомлі, Магілёве, Баранавічах, Слуцку і Горадні. Яны таксама вучылі ў гэтых гарадах іншых зборшчыкаў подпісаў. За харчаваньне і начлег у паездках плаціў Ціханоўскі.
Падчас пікету ў Горадні 29 траўня Фурманаў зьбіраў подпісы за сталом на Савецкай плошчы. Кажа, што быў цалкам заглыблены ў працэс збору подпісаў.
«Гэта было зборышча народу ці чэргі да сталоў?», — задала пытаньне судзьдзя.
«Нават ня ведаю», — адказаў Фурманаў.
Абстаноўка на плошчы, зь ягоных словаў, была прыязная. Ён ня чуў, каб міліцыянты папярэджвалі, што мерапрыемства незаконнае.
Фурманаў расказаў, што дагэтуль не знаёмы з Кнігам і Разьнічэнкам. Апошняга ён бачыў на пікеце ў Горадні 29 траўня. Фурманаў не прапаноўваў абараняць Ціханоўскага, калі таго будуць затрымліваць.Фурманаў на прапаноўваў абараняць Ціханоўскага, калі таго будуць затрымліваць, а таксама не заклікаў блякавць дарогі.
Пракурор запытаўся, ці ведае Фурманаў Дзьмітрыя Казлова, Ігара Лосіка, Сяргея Пятрухіна. Той адказаў, што яны праходзяць па той жа справе, што і ён.
Па словах Фурманава, ён бачыў момант, калі міліцыянт Казлоўскі ляжаў на зямлі, чуў сьвісток міліцыянта і крыкі. Што стала прычынай падзеньня, ён ня ведаў. Пасьля гэтага Фурманаў працягнуў зьбіраць подпісы.
«Пасьля таго як супрацоўнік упаў, празь некалькі сэкундаў мяне захапілі невядомыя людзі», — сказаў Фурманаў.
Як расказаў гарадзенец, пры затрыманьні да яго падбеглі 6–8 невядомых чалавек у масках, схапілі за рукі і ногі, ударылі кулаком у твар, ён страціў прытомнасьць. У мікрааўтобусе да яго прымянілі болевы прыём, ён ачуняў на падлозе мікрааўтобуса. Так ён даехаў да будынку, падобнага да міліцэйскага ўчастку.
«Я тады ня быў пэўны, што гэта міліцыя», — адзначыў абвінавачаны.
На пытаньне пракурора, ці быў Фурманаў знаёмы са Статкевічам, ён адказаў, што ня быў знаёмы, ведаў пра ягоную дзейнасьць толькі праз YouTube-канал «СДЖ».
Недарэчнае пытаньне пракурора «Куды вы накіраваліся пасьля пікету на Савецкай плошчы 29 траўня?» заля сустрэла гучным сьмехам.
«Куды панесьлі, туды і накіраваўся», — пракамэнтаваў нехта з залі.
Дзяржаўны абвінаваўца таксама цікавіўся, ці бачыў Фурманаў, як Ціханоўскі мяняў замежную валюту, ці сустракаўся ён сам са Статкевічам.
У судзе перапынак да 19 сьнежня.
Іншых абвінавачаных, згодна зь іхнім жаданьнем, дапытаюць напрыканцы, пасьля допытаў пацярпелых і сьведак.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.