Як удакладняецца на сайце КДБ, абвінавачаныя і іх абаронцы азнаёміліся з матэрыяламі справы. Хадайніцтваў аб спыненьні перасьледу на прадугледжаных Крымінальным кодэксам падставах, а таксама аб правядзеньні дадатковых сьледчых дзеяньняў ніхто з абвінавачаных, за выключэньнем Віктара Бабарыкі, не заявіў, дадалі ў ведамстве.
Меру стрыманьня ў дачыненьні да абвінавачаных пакінулі ранейшай: сем чалавек пад вартай, адзін — пад хатнім арыштам.
18 студзеня старшынёй праўленьня «Белгазпрамбанку» прызначаная Надзея Ермакова, якая пасьля затрыманьня топ-мэнэджараў узначальвала пераходную адміністрацыю.
Летась 11 чэрвеня ў галаўным офісе банку прайшлі ператрусы, некалькі супрацоўнікаў абвінавацілі ў легалізацыі сродкаў, здабытых злачынным шляхам. Гэта здарылася неўзабаве пасьля таго, як былы кіраўнік фінансавай установы Віктар Бабарыка пайшоў з пасады, заявіўшы пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі.