Такое меркаваньне Ігар Жоўква выказаў у інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу «1+1», адказваючы на пытаньне, ці ня лічыць ён, што Беларусь ператварылася зь сяброўскай на варожую дзяржаву да Ўкраіны.
«Я б не выкарыстоўваў такія тэрміны. Заявы мы, безумоўна, бачым, фіксуем. Вы таксама бачылі рэакцыю МЗС, напрыклад, на апошнюю заяву Лукашэнкі. Таму не, я б так не сказаў».
У той жа час, намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны падкрэсьліў, што цяпер палітычныя кантакты спыненыя на ўсіх узроўнях, у тым ліку на прэзыдэнцкім і па лініі міністэрстваў замежных справаў.
«Гэта нармальная рэакцыя на тое, што адбылося ў Беларусі, і на заявы, зробленыя на адрас Украіны і кіраўніцтва Ўкраіны. Мы відавочна прытрымліваемся пазыцыі Эўразьвязу, калі мова ідзе пра асуджэньне падзеяў, якія адбыліся ў Беларусі, а таксама таго, што адбылося пазьней, і прымяненьня адпаведных санкцый. Вы ведаеце, што мы пасьлядоўна далучаемся да адпаведных заяў ЭЗ і пакетаў санкцый. Ёсьць яшчэ адзін аспэкт – эканамічны, і ён нікуды не зьнікае, бо вы ведаеце, што гэта дзьве традыцыйна пераплеценыя эканомікі, якія павінны працаваць. Таму я б не ўжываў такія гучныя тэрміны», – дадаў Ігар Жоўква.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што Ўкраіна ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і ня будзе ігнараваць асабліва абразьлівыя заявы супраць Украіны і ўкраінскага кіраўніцтва, адпаведна якім будзе карэктаваць свае дзеяньні.
Намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта дадаў, што ад пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі Ўкраіна абмяркоўвала з Польшчай і Літвой магчымасьць удзелу ў яго разьвязаньні.
«Украіна ніколі ня ўмешвалася ва ўнутраныя справы любой дзяржавы, у тым ліку і Беларусі. Мы будзем і надалей прытрымлівацца гэтай пазыцыі. У той жа час мы вялі пастаянны дыялёг, адразу пасьля пачатку адпаведных падзей у Беларусі, і з кіраўніцтвам Польшчы адбыліся адпаведныя тэлефонныя размовы паміж двума прэзыдэнтамі. Тады мы памятаем, што прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда наведваў Украіну, калі таксама ўздымалася гэтае пытаньне. Польшча ведае нашу пазыцыю, мы ведаем пазыцыю Польшчы. Тое самае было і зь Літвой, прэзыдэнты правялі некалькі тэлефонных размоў».
Адначасова, дадаў Ігар Жоўква, Украіна абмяркоўвае беларускае пытаньне з кіраўніцтвам Эўразьвязу, прэзыдэнтамі Эўрапейскай рады і Эўракамісіі.
«Мы пастаянна абмяркоўваем гэтае пытаньне. Як і зь іншымі сусьветнымі і эўрапейскімі лідэрамі. Украіна трымае руку на пульсе гэтых падзей. У нас часам пытаюцца: «Якое ваша бачаньне сытуацыі, вы ж самыя блізкія суседзі, вы лепш бачыце?». Мы даём сваю рэакцыю і, адпаведна, вызначаем сваю пазыцыю», –— сказаў намесьнік кіраўніка Офіса Ўладзіміра Зяленскага.
Украіна, як і краіны Эўразьвязу, не прызнала легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі, прыпыніўшы са жніўня ўсе афіцыйныя кантакты зь беларускім бокам. У верасьні стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі скасаваў візыт у Беларусь для ўдзелу ў трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.
Пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам першых санкцыяў адносна Беларусі Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна далучыцца да іх, але эканамічную супрацу будзе працягваць.
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля сустрэчы з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым 25 лістапада заявіў, што Менск падрыхтаваў санкцыйны сьпіс, у які ўвайшоў шэраг афіцыйных асобаў Украіны. Але ніводнага прозьвішча кіраўнік беларускага МЗС не назваў.
На пачатку сьнежня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што на цяперашнім этапе ня бачыць «фундамэнтальнай неабходнасьці» ў эканамічных санкцыях Украіны супраць Беларусі.