Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўдзел у «Маршы мудрасьці» асудзілі 89-гадовую пэнсіянэрку


Прылады судзьдзі, ілюстратыўнае фота
Прылады судзьдзі, ілюстратыўнае фота

Судзьдзя Ленінскага раёну Менску Юлія Шут аштрафавала жанчыну 1931 году нараджэньня за выхад на «Марш мудрасьці» 14 сьнежня.

12 студзеня суд разглядаў адміністратыўны пратакол на Валерыю Сьмірнову. Жанчыне 89 гадоў, месяц таму яе затрымалі на плошчы Незалежнасьці. Сёньня суд прызнаў яе вінаватай па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі) і прызначыў штраф 870 рублёў, паведамляе Tut.by.

Судзьдзя Юлія Шут, якая вынесла прысуд, ня першы год вядомая сваім удзелам у «палітычных» справах. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, да прыкладу, яна адпраўляла на суткі журналістак Насту Захарэвіч і Яну Трусілу.

У дзень акцыі пэнсіянэраў на плошчы Незалежнасьці сілавікі затрымалі каля 80 чалавек сталага веку. Сярод іх была і 89-гадовая Сьмірнова разам з дачкой Людмілай, якой 67 гадоў. У той дзень яны правялі ў РУУС больш за шэсьць гадзін. У аўтобус, па ўспамінах Валерыі Сьмірновай, іх літаральна «занесьлі», прытым схлусілі, што адпусьцяць пасьля ўстанаўленьня асобы.

Праўнучка Дар’я, якая прысутнічала ў судзе, расказала праваабаронцам, што яе прабабулі ставілі ў віну вокліч «Жыве Беларусь!». Так сказаў ананімны сьведка, які назваўся супрацоўнікам міліцыі і выступіў у судзе празь відэасувязь.

Рашэньне суду пэнсіянэрка плянуе абскардзіць. А пакуль найбліжэйшая задача — прыйсьці ў суд 13 студзеня, калі будуць судзіць ужо яе дачку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG