«Гэта пазыцыя маленькага чалавека перад гіганцкай дзяржаўнай машынай»
Глеб Бурнашаў займаецца дакумэнтальнай і мастацкай фатаграфіяй, а таксама відэапэрформансам.
«Яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі да мяне прыходзілі першыя ідэі, і я спрабаваў іх рэалізоўваць. Але жнівеньскія падзеі ўсё памянялі. Пасьля іх вобразы для работ зьяўляліся ў мяне ў галаве пастаянна», — тлумачыць Глеб Бурнашаў.
Падчас стварэньня работ пачуцьці былі вельмі розныя, кажа фатограф.
«Я не магу вылучыць нешта адно, але гэта хутчэй спроба перажываць пачуцьці злосьці, бясьсільля, несправядлівасьці, цемрашальства. Гэта пазыцыя маленькага чалавека перад гіганцкай дзяржаўнай машынай, жаданьне паказаць людзям той сьвет, у якім мы знаходзімся».
«І ўсё ж такі большасьць работ я доўга выношваў. Таму пачуцьці і эмоцыі былі вельмі расьцягнутыя ў часе. Боль, дзіцячае неразуменьне жорсткасьці і несправядлівасьці, усёпаглынальная небясьпека, трывога, неразуменьне, жаданьне крычаць пра сваю нязгоду, злосьць, гнеў».
Больш работ фатографа і мастака Глеба Бурнашава можна пабачыць тут.
«Ня маю права проста сядзець і румзаць у куточку»
Фатограф і відэограф Сяргей Марозаў стварыў нацыянальны беларускі каляндар «Гэта — МЫ!». Ідэя паўстала пасьля звальненьня Сяргея з пасады дацэнта катэдры ўнівэрсытэту праз салідарнасьць зь іншымі выкладчыкамі і студэнтамі, якія трапілі пад рэпрэсіі ў Беларусі.
«Я зразумеў, што як мастак ня маю права проста сядзець і румзаць у куточку, а павінен гэтую рэфлексію, асабісты боль і боль, які падзяляю з кожным беларусам, неяк творча асэнсаваць і выкласьці ў фота ці відэа. Заставалася дробнае пытаньне — натхненьне. Я ўжо гатовы быў ірвацца „ў бой“, але ня меў кірунку. Зразумеў, што шукаць трэба ў генэтычным кодзе беларусаў, які найлепш выкладзены якраз творцамі-папярэднікамі ў вершах, музыцы, мастацкай літаратуры», — кажа Сяргей Марозаў.
Гэтае самае натхненьне паўстала падчас праслухоўваньня альбому «Годныя песьні» Вольнага хору. Сяргея моцна ўразіла песьня «Гэта — мы» Андрэя Мельнікава, якая стала штуршком для стварэньня праекту. Пра набор каманды фатограф напісаў у сацсетках.
Кажа, што пасьля публікацыі ідэі пайшла хваля прапаноў і падтрымкі. І калі звычайна людзі прапаноўваюць сябе ў якасьці мадэляў, то тады захацелі проста дапамагчы, няважна чым: падаваць гарбату на здымках, насіць абсталяваньне, вырашыць лягістычныя моманты ці проста даць грошай на рэквізыт. Каманда больш як у сорак чалавек сфармавалася ў першы ж дзень.
«Адзіныя, хто так і не знайшоўся, — фатограф і відэограф на бэкстэйдж. Таму, нечакана для яе, роля дасталася маёй жонцы Натальлі. Фота яна актыўна вывучае зь вясны, а ў здымках відэа наогул было баявое хрышчэньне пад невялікім маім наглядам. Ужо мантаж фінальнага роліка рабіў сам».
«У камандзе актыўны ўдзел прынялі нават мае дзеці, яны былі амаль на ўсіх здымках у роўных умовах зь іншымі. Малодшая Аліса больш стварала настрой, а старэйшы Даніла ўвесь час цягаў абсталяваньне і пільна выконваў даручэньні тэхнічнага пляну».
Фатограф адзначае, што на творчых праектах любіць працаваць зь непрафэсійнымі мадэлямі, таму некалькім прафэсійным нават адмовіў. На фатаздымках можна пабачыць гарадзенцаў: актораў, прадпрымальнікаў, журналістаў.
На стварэньне праекту пайшоў роўна месяц. Нават надвор’е нібы прыстасоўвалася да каманды, кажа Сяргей.
«На адзін дзень былі заплянаваныя дзьве фатасэсіі. Першая — на летні месяц, другая, праз колькі гадзін, — на сьнежань. З раніцы накрапваў дождж, завываў добры вецер, тэмпэратура каля нуля, а патрэбна было сонейка, — тлумачыць фатограф. — Непасрэдна перад першымі здымкамі добра прасьвятлела, нават выглянула сонейка, але адразу схавалася — бо аказалася, што яно перашкаджае. Роўна ж празь дзьве гадзіны на наступных здымках ішоў сьнег, які скончыўся неўзабаве пасьля фінальнага здымку!»
У праекце ўзяло ўдзел мэдыя Hrodna. life, пры падтрымцы якога каляндар выйшаў.
Таксама нядаўна Сяргей Марозаў зрабіў відэаролік пад песьню «Шчучыншчына»
А пару тыдняў таму прэзэнтаваў відэакліп на калядную тэматыку з гарадзенскімі артыстамі і гуртамі. Гэта быў новы досьвед для творцы.
«Усё нараджаецца з болю і вялікай надзеі, што гэта спыніцца»
Крэатар Карына Хацкалёва, яна ж Mama Kozz, за час пратэстаў разам з камандай стварыла некалькі мастацкіх праектаў. Гэта сэрыя «Гуляй па правілах»
і праект «ОМОН FASHION SHOW BELARUS».
«Нашых сяброў пачалі саджаць, зьбіваць, вельмі шмат сярод знаёмых было людзей, якім састрыгалі валасы, бязьлітасна білі. Дызайнэр, якая са мной цяпер робіць арты, таксама пасьпела пабываць на Акрэсьціна», — кажа Карына.
Праект быў безь бюджэту, і рабілі яго вельмі хутка, на энтузіязьме, кажа яна.
«Нам здавалася, што Беларусь досыць стэрыльная і ня можа такога адбыцца. І ўсе былі ў шоку, калі зьявіліся першыя сьведчаньні зьбіцьця. У майго сябра, напрыклад, ад аскепка гранаты вельмі моцна пацярпеў брат. Мы зразумелі, што калі думаць мэтафарамі, то АМАП і сілавікі зрабілі самую лютую калекцыю, якая была сёлета. Яны пакінулі свае прынты ня толькі на лёсах людзей, але і на целах».
«Гэта „калекцыя“, якую беларускі народ не забудзе, а менавіта калекцыю гэтага лета, калі сілавікоў абсалютна ніяк не каралі за гэтыя фашысцкія дзеяньні», — працягвае мастачка.
Самы апошні праект пад трэк сьпявачкі Паліны «Месяц» выйшаў зусім нядаўна.
«Тут хутчэй нас натхніла сама сьпявачка, і хацелася неяк расказаць гісторыю пра тое, што амапавец, сілавік усё ж такі здымае сваю браню, перастае быць амаральнай жывёлай, успамінае пра сваю чалавечнасьць. Ён ідзе далей ужо з чыстым сумленьнем, здымаючы зь сябе гэтую брудную пасаду, латы і магутныя дасьпехі. Далей мы бачым дзяўчыну, якая сымбалізуе „Пагоню“, яна з кветкамі, а не са зброяй, рухаецца наперад».
«Праекты цяпер асабіста для мяне служаць падставай для жыцьця»
Сьвятлана Бастрыкіна — арганізатар здымкаў, дызайнэр адзеньня і аўтар мастацкіх праектаў. У верасьні Сьвятлана разам з фатографам Аленай Каравашкінай стварылі фотапраект «Красота победит маразм».
«На пачатку верасьня я ўбачыла навіну, што затрымалі жанчыну ў Берасьці, і яна была ў бел-чырвона-белай сукенцы. Мяне гэта абурыла да глыбіні душы тым, што такая расфарбоўка была заўсёды ў модзе, гэта клясычная колеравая гама, якая раскошна глядзіцца, і яе дызайнэры выкарыстоўваюць спакон веку», — кажа Сьвятлана.
Сьвятлана разам з фатографам Аленай распрацавалі ідэю для здымкаў і запрасілі дзяўчат у бела-чырвоным. Задума была ў тым, каб паказаць, што жанчыны ў такіх колерах заўжды выглядаюць клясна, а тое, што гэта можа стаць прычынай для затрыманьня, — абуральна, лічыць Сьвятлана.
«Здымкі прайшлі ў выдатнай, цудоўнай, сьветлай абстаноўцы, усе прыйшлі прыгожыя. Я запрасіла Кацю Ведаўку, дызайнэра, якая прынесла ўпрыгожаньні. Мы апрануліся, нафарбаваліся, пафатаграфаваліся, перазнаёміліся, і гэта выдатна. Гэта заўсёды пашырэньне нейкіх узаемасувязяў, плюс прыгожыя фатаграфіі, якія кожная разьмясьціла, атрымала эмоцыі».
Другі праект Сьвятланы і Алены пакуль не апублікаваны. Вядома, што ў ім паўдзельнічалі Ніна Багінская і дзяўчаты, якія прайшлі праз затрыманьні.
«Гэтыя праекты цяпер асабіста для мяне служаць падставай для жыцьця, для нейкіх пазытыўных эмоцый, каб мая ўвага не сыходзіла ва ўвесь боль быцьця. Таму што калі сядзець і нічога не рабіць, то гэта, вядома, складана. Гэтыя праекты важныя для мяне, таму што кожны чалавек, калі задумаецца, мае права і магчымасьць кантраляваць і ўплываць на свой зьнешні сьвет, ствараючы нешта».