У Гомлі памёр вядомы плястычны хірург Павал Беразаеў. Яму было 65 гадоў. У лекара быў COVID-19. Каля месяца ён быў падлучаны да апарата ШВЛ. Пра гэта Tut.by паведамілі калегі.
Павал Беразаеў — хірург найвышэйшай катэгорыі. З 1984 году працаваў загадчыкам аддзяленьня рэабілітацыі і мікрахірургіі Гомельскага абласнога анкадыспансэру. З 2011 году — загадчыкам аддзяленьня малаінвазіўнай і рэканструктыўнай хірургіі Гомельскай гарадзкой клінічнай лякарні № 3. У Гомлі і далёка за яго межамі Беразаеў вядомы перш за ўсё як выдатны плястычны хірург. Сваю першую плястычную апэрацыю ён выканаў яшчэ ў 1995 годзе.
У Менску 11 студзеня памёр галоўны лекар Цэнтру фтызіяпульманалёгіі Андрэй Астроўка. Яму было 44 гады. Інфармацыю «Нашай Ніве» пацьвердзілі супрацоўнікі менскага клінічнага цэнтру фтызіяпульманалёгіі.
Андрэй Астроўка скончыў БДМУ і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Працаваў у Навукова-дасьледчым інстытуце пульманалёгіі і фтызіятрыі, узначальваў 2-і гарадзкі супрацьтубэркулёзны дыспансэр. Быў галоўным пазаштатным фтызіятрам камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму.
Таксама тэлеграм-канал незалежнага аб’яднаньня мэдыкаў «Белые халаты» сёньня паведаміў пра сьмерць загадчыцы міжраённага эндаскапічнага кабінэта ў 3-й гарадзкой дзіцячай клінічнай бальніцы Аляксандры Коржык. «Доктар хварэла, у яе быў каранавірус», — гаворыцца ў паведамленьні.
Таксама ад каранавірусу 12 сьнежня памерла старшы выкладчык катэдры інфармацыйных тэхналёгій у культуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў Тацяна Арэшка. Інфармацыю Tut.by пацьвердзілі на катэдры, дзе яна працавала.
Па словах студэнтаў унівэрсытэту, Тацяна Арэшка асабіста прымала курсавыя работы ў пяцікурсьнікаў, паколькі бо абавязалі прыяжджаць на сэсію, нягледзячы на эпідэміялягічную абстаноўку. Захварэла яна ў канцы сьнежня. Тацяна Арэшка працавала ў БДУКМ з 1996 году.
Сёньня стала вядома і пра сьмерць былога кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Філарэта, які таксама хварэў на каранавірус.
Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за апошні дзень выявілі 1731 новага хворага на COVID-19, памерлі 9 пацыентаў. Ад пачатку эпідэміі ў Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, на COVID-19 захварэлі 215 724 чалавек, 1535 памерлі.