У звароце да кіраўніка нарвэскай кампаніі Свайна Тура Гульсэтэра сьцьвярджаецца, што яго «мэтанакіравана ўводзілі ў зман», запэўніваючы, што нікога з рабочых-страйкоўцаў ня звольнілі. Акрамя таго, «у галіне аховы працы ня зроблена нічога, бо спэцыялісты гэтай службы цяпер занятыя на вытворчасьці толькі выяўленьнем непажаданай сымболікі і задушэньнем пратэставых настрояў у калектыве».
«Ідзе сыстэматычны ціск на работнікаў, якія знаходзяцца ў незалежным прафсаюзе. Работнікі, якія пажадалі выйсьці зь дзяржаўнага праўладнага прафсаюзу, ня могуць гэтага зрабіць — ім не падпісваюць заявы. Гэта сотні людзей!» — адзначаецца ў лісьце.
Страйкам заяўляе, што ў Беларусі «падняў галаву фашызм у самым чыстым яго выглядзе», і гэта «бяда ня толькі беларускага народу, дзясяткаў забітых і сотняў скалечаных, тысяч затрыманых і рэпрэсаваных, але і ўсіх тых, хто змагаўся з карычневай чумой падчас Другой сусьветнай вайны».
«Усе словы пра тое, што бізнэс ёсьць бізнэс і ўгоды ня могуць скасоўвацца паводле палітычных матываў, будуць усяго толькі звычайнай хітрасьцю і нежаданьнем адмовіцца ад імгненнай выгады дзеля перамогі агульначалавечых каштоўнасьцяў», — пішуць аўтары звароту.
Яны заклікаюць кіраўніцтва Yara запатрабаваць ад «Беларуськалія» «неадкладнага выкананьня» абяцаньняў і «безумоўнага выкананьня ўсіх правоў і свабод работнікаў». У адваротным выпадку працяг супрацоўніцтва Yara з беларускім прадпрыемствам «будзе выкарыстаны для прыгнёту працоўных і рэпрэсій супраць іх».
Нарвэжцы двойчы прыяжджалі ў Беларусь для вывучэньня сытуацыі (18 верасьня і 10 сьнежня) і праводзілі перамовы з кіраўніцтвам «Беларуськалію». 18 сьнежня гендырэктар Yara сустрэўся з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Святланай Ціханоўскай. Бакі абмеркавалі рэпрэсіі ў дачыненьні да шахтароў і ўмовы працы на прадпрыемстве.
Ціханоўская, як паведаміла яе прэс-служба, «выказала падзяку калектыву Yara за цьвёрдую пазыцыю і асуджэньне парушэньняў грамадзянскіх правоў працоўных на «Беларуськаліі». Яна падкрэсьліла важнасьць таго, каб Yara праяўляла салідарнасьць са страйкоўцамі і бараніла іх правы, чыніла ціск на кіраўніцтва «Беларуськалію» і публічна асуджала рэпрэсіі.
Свайн Тур Гульсэтэр і іншыя прадстаўнікі кампаніі заявілі, што падзяляюць пазыцыю нарвэскага ўраду аб падтрымцы дэмакратычнай Беларусі і правоў чалавека. Паводле гендырэктара, парог непрымальнасьці сытуацыі на «Беларуськаліі» ўжо пройдзены і будуць разглядацца новыя магчымасьці ціску на беларускіх партнэраў і спосабы дапамогі страйкоўцам.
З моманту пачатку страйку ў жніўні на «Беларуськаліі» звольнілі 55 супрацоўнікаў, рабочыя атрымалі ў суме больш за 330 дзён адміністрацыйнага арышту.