Нарэшце Лукашэнка больш дакладна раскрыў свае пляны. У інтэрвію праграме «Дзейныя асобы з Наілёй Аскер-задэ» на тэлеканале «Расія-1» ён заявіў, што праект новай Канстытуцыі Беларусі можа быць гатовы да канца 2021-га, а затым будзе праведзены рэфэрэндум, на якім грамадзяне вырашаць яго лёс.
Сьцісла
- Уся кампанія канстытуцыйнай рэформы спускаецца на тармазах.
- Сама ідэя канстытуцыйнай рэформы зьявілася ў інфармацыйнай прасторы з падачы Масквы ў жніўні. Яна павінна была адыграць ролю перніка для ўзбуджанага грамадзтва, стаць крокам да кампрамісу.
- Паводле ацэнак расейскіх экспэртаў, Лукашэнка абяцаў Пуціну правесьці гэтую рэформу цягам некалькіх месяцаў, паўгода.
- Гледзячы па ўсім, цяпер Лукашэнка прыйшоў да высновы, што пратэст ён здушыў, узяў сытуацыю ў краіне пад кантроль. Таму патрэба ў нейкім перніку зьнікла. І свае абяцаньні Крамлю можна адкінуць.
Гэтая заява азначае, што ўвесь праект, уся кампанія канстытуцыйнай рэформы спускаецца на тармазах. Мяркую, схема прыкладна такая. Пад канец году будзе гатовы толькі праект Канстытуцыі. Думаю, цэлы 2022 год будзе адведзены на «ўсенароднае абмеркаваньне» гэтага дакумэнту. У 2023 годзе можна будзе правесьці рэфэрэндум. Зацьверджаная Канстытуцыя ўступіць у сілу з 2025 году. То бок пад заканчэньне, як лічыць Лукашэнка, ягонай цяперашняй прэзыдэнцкай кадэнцыі і перад момантам новых выбарў.
Сама ідэя канстытуцыйнай рэформы зьявілася ў інфармацыйнай прасторы з падачы Масквы ў жніўні. Яна павінна была згуляць ролю перніка для ўзбуджанага грамадзтва, стаць крокам да кампрамісу. Маўляў, хочаце перамен — дык вось вам перамены. Кажаце, што ў нас тут дыктатура, дык вось новая Канстытуцыя абмяжуе паўнамоцтвы прэзыдэнта, павялічыць паўнамоцтвы іншых органаў улады, у прыватнасьці парлямэнту.
Дзяржаўныя СМІ намякалі, што, магчыма, будзе ўведзена прапарцыйная сыстэма выбараў, адменена сьмяротнае пакараньне і інш. То бок абяцалі крок да дэмакратыі, каб паказаць, што сама ўлада гатовая да пераменаў, таму ня трэба выходзіць на вуліцу з пратэстам.
Прычым, паводле ацэнак расейскіх экспэртаў, Лукашэнка абяцаў Пуціну правесьці гэтую рэформу цягам некалькіх месяцаў, паўгода. 17 верасьня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію тэлеканалу RTVI заявіў:
«Як сказаў беларускі лідэр, пасьля канстытуцыйнай рэформы ён будзе гатовы абвясьціць датэрмінова парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Гэтая прапанова паказвае рамкі, у якіх цалкам магчымы нацыянальны дыялёг».
Гледзячы па ўсім, цяпер Лукашэнка прыйшоў да высновы, што пратэст ён здушыў, узяў сытуацыю ў краіне пад кантроль. Таму патрэба ў нейкім перніку зьнікла. І свае абяцаньні Крамлю можна адкінуць. А да 2023 году сытуацыя зусім супакоіцца, тады можна будзе нават і рэфэрэндум правесьці. Пра датэрміновыя выбары цяпер увогуле гаворкі няма.
І цяпер канстытуцыйная рэформа адкінутая далёка, за гарызонт часу, становіцца нейкім прывідам, як камунізм у савецкія часы.
Гэта пляны Лукашэнкі. Але ёсьць жа яшчэ і беларускі народ, які апошнімі месяцамі прачнуўся і заявіў пра сябе як пра суб’ект палітыкі. Ці пагодзіцца ён з гэтымі плянамі?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.