Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеная журналістка Кацярына Андрэева чакае этапаваньня ў Менск, сьледзтва па яе справе, імаверна, завершанае


Палітзьняволеныя журналісткі Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч.
Палітзьняволеныя журналісткі Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч.

Муж зьняволенай журналісткі «Белсату» Ігар Ільяш атрымаў ад Кацярыны ліст з жодзінскай турмы.

Адвакат па справе Кацярыны Андрэевай застаецца пад падпіскай аб неразгалошваньні і ня мае права паведаміць нават сваякам, на якой стадыі знаходзіцца справа журналісткі. 9 студзеня Ігар Ільяш атрымаў ліст ад Кацярыны ад 1 студзеня 2021 года. У ім палітзьняволеная піша, што ў хуткім часе чакае пераводу ў Менск, паведамляе «Белсат».

«З кантэксту зразумела, што гаворка ідзе пра этапаваньне на суд. Гэта цалкам лягічна: Кацярыну пераводзілі ў Жодзіна на час сьледзтва. Паколькі яна мае падставы разьлічваць на этапаваньне ў Менск, значыць сьледзтва было завершанае і трэба чакаць, што неўзабаве будзе суд», — кажа Ігар Ільяш.

Калі можа адбыцца этапаваньне і суд невядома. Кацярына піша наконт будучага судовага працэсу:

«Прагнозаў не раблю нават. Гатовая да ўсяго. Зьдзівіць даволі складана мяне цяпер».

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада — яны былі затрыманыя за стрым, у якім у жывым эфіры паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэньне сілавікамі народнага мэмарыялу на «плошчы Перамен» у Менску. Кацярыне і Дар’і выстаўлена абвінавачваньне паводле ч. 1 арт. 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG