Кампанія Henley&Partners апублікавала рэйтынг прэстыжнасьці пашпартоў. Ён базуецца на дадзеных Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) і разьмяркоўвае пашпарты ў адпаведнасьці з колькасьцю дзяржаваў, у якія іх уладальнікі могуць прыехаць бязь візы ці без папярэдняй падачы дакумэнтаў на яе.
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь заняў 70 месца ў сьпісе, зь ім можна вандраваць у 75 краінаў.
За 16 гадоў, цягам якіх кампанія аналізавала зьвесткі і публікавала рэйтынг, самым высокім месцам пашпарту Беларусі было 63-е, якое ён займаў тры гады запар цягам 2007-2009 гадоў. Найгоршай сытуацыя была ў 2015-м, калі дакумэнт быў 78-м. За апошні год беларускі пашпарт страціў тры пазыцыі.
Усе суседзі Беларусі месьцяцца ў рэйтынгу пашпартоў значна вышэй: Літва і Польшча на 11-м радку (181 краіна), Латвія 12-я (180), Украіна 41-я (130), Расея 50-я (116).
Разам зь Беларусьсю 70-ы радок дзеляць Казахстан і Кітай. А вось блізкія да Кітая тэрытарыяльна Японія, Сынгапур і Паўднёвая Карэя займаюць уяўны п’едэстал у рэйтынгу. Грамадзяне Японіі могуць лётаць бязь візы амаль па ўсім сьвеце — у 191 краіну. 190 дзяржаваў даступныя сынгапурцам. Карэйцам 189, як і грамадзянам Нямеччыны.
Да параўнаньня, грамадзянам Паўночнай Карэі няма неабходнасьці афармляць візу ў 39 дзяржаваў, яе нацыянальны дакумэнт займае толькі 103-ю пазыцыю сярод 110 магчымых. Найгоршая ў сьвеце сытуацыя з пашпартамі — у Сырыі, Іраку і Аўганістане: 29, 28 і 26 бязьвізавых накірункаў адпаведна.
У рэйтынгу Global Passport Power Rank, складзеным у кастрычніку 2020 году, Беларусь заняла толькі 99-е месца. Аднак той сьпіс ня ўлічвае дзяржавы, у якіх віза ставіцца па прыбыцьці на яе мяжу, ён бярэ пад увагу толькі міжнародныя пагадненьні аб бязьвізавым рэжыме.