Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў ягоны сябра і калега па праваабарончай арганізацыі «Тайм-аўт» Васіль Завадзкі.
«Мікалай цяжка перанёс каранавірус, яго на стацыянарнае лячэньне вывозілі ў шпіталь. ШВЛ не было, але быў на кіслародзе», — напісаў Васіль Завадзкі.
Паводле зьвестак, якія ён атрымаў ад адваката, Мікалай Аўтуховіч адчувае сябе слаба, у яго задышка. Таксама пра палітвязьня стала вядома, што яму дагэтуль не перадалі асабістых рэчаў, сродкаў гігіены і лекаў.
Васіль Завадзкі нагадаў у сваім допісе ў Фэйсбук, што 7 студзеня ў Мікалая Аўтуховіча дзень народзінаў, яму спаўняецца 58 гадоў.
Пра затрыманьне Мікалая Аўтуховіча стала вядома 8 сьнежня. Яго абвінавацілі ў стварэньні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці, падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Разам з Аўтуховічам затрымалі яшчэ некалькі чалавек.