Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі падрыхтавалі законапраект, які скасоўвае сьмяротнае пакараньне


Вярхоўны суд разглядае апэляцыйную скаргу братоў Косьцевых, асуджаных на сьмяротнае пакараньне. Менск, 22 траўня 2020 году.
Вярхоўны суд разглядае апэляцыйную скаргу братоў Косьцевых, асуджаных на сьмяротнае пакараньне. Менск, 22 траўня 2020 году.

У Беларусі мяняюць крымінальнае заканадаўства.

«Першы пакет» зьмен ужо ўхвалены Нацыянальным сходам і мае ўступіць у сілу цягам 2021 году. «Другі пакет» цяпер рыхтуюць, чакаецца, што яго будуць разглядаць вясной і ўступіць ён у сілу, зможа не раней за наступны год.

Tut.by прааналізаваў, што новага прапануюць распрацоўшчыкі законапраекту аб зьменах у Крымінальны кодэкс.

Адмена сьмяротнага пакараньня

Самая важная прапанова ў «другім пакеце» — прапанова выключыць з кодэксу найвышэйшую меру пакараньня — сьмяротнае.

Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе такое пакараньне выкарыстоўваюць. Эўразьвяз і Рада Эўропы шмат гадоў бясплённа заклікаюць улады Беларусі скасаваць сьмяротнае пакараньне альбо ўвесьці мараторый на яго. Улады Беларусі ўвесь час адказваюць, што гэтае пытаньне было вырашана на рэфэрэндуме1995 году, ініцыятарам якога быў Лукашэнка.

За апошнія 20 гадоў у краіне пакаралі сьмерцю больш за 400 асуджаных. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што прыхільнікаў скасаваньня сьмяротнага пакараньня стала значна болей у параўнаньні з 1995 годам.

Цяпер ініцыятары зьменаў у КК прапанавалі ўвогуле выключыць з кодэксу артыкул аб сьмяротным пакараньні. Але паколькі гэта пытаньне палітычнае, то іх волі можа быць замала для таго, каб гэтыя зьмены адбыліся.

Тым часам распрацоўшчыкі законапраекту прапануюць выключнай мерай пакараньня зрабіць пажыцьцёвае пазбаўленьне волі. Калі зьмяненьне будзе прынятае, ужо асуджаныя на сьмяротнае пакараньне ў якасьці альтэрнатывы атрымаюць пажыцьцёвы тэрмін.

Паслабленьні для непаўналетніх

Другая важная прапанова аб папраўках у КК — выключыць некалькі злачынстваў, за якія могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці падлеткаў ва ўзросьце з 14 да 16 гадоў. Гаворка аб крадзяжы наркотыкаў (арт. 327 КК), незаконным абарачэньні наркотыкаў (арт. 328 КК), загадзя лжывым паведамленьні аб небясьпецы (арт. 340 КК).

Артыкул 328 — адзін з самых балявых пунктаў у Беларусі, шмат маладых людзей падпадаюць пад ягонае дзеяньне. Пакараньне паводле яго даволі жорсткае.

Што яшчэ важнае

Яшчэ адно магчымае зьмяненьне — прапанова прызнаць абцяжвальнай акалічнасьцю злачынства выкарыстаньне кампутара, інфармацыйных і сеткавых тэхналёгій (п. 18 ч. 1 арт. 64 КК).

Яшчэ адна навацыя — мэдыяцыя ў крымінальным праве, гэта значыць, заключэньне пагадненьня аб прымірэньні з пацярпелым пры пасярэдніцтве мэдыятара, што можа істотна зьнізіць пакараньне для вінаватага.

Істотныя зьмены могуць быць прынятыя і ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Ужо цяпер да зьняволеных могуць з розных прычынаў не пускаць адвакатаў, гэтую практыку прапануецца ўзаконіць — абмежаваць час зносін з адвакатам да 1 гадзіны.

Другая магчымая папраўка — допыт лекара ў якасьці сьведкі і без згоды пацыента пры абставінах, якія складаюць мэдыцынскую тайну (п. 7 ч. 2 арт. 60 КК).

Апрача таго, да доказаў прапануюць адносіць «тлумачэньні, атрыманыя да завядзеньня крымінальнай справы» (гэта можа быць так званае апытаньне ў рамках апэратыўна-вышуковай дзейнасьці, удзел у якім можа быць толькі добраахвотным, але далёка ня ўсе пра гэта ведаюць) і яшчэ шырэй трактаваць зьмены — адносіць да доказаў «фактычныя зьмены з крыніц, не прадугледжаных ч. 2 арт. 88 КПК, калі яны атрыманы з захаваньнем канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян».

Ня менш важная прапанова — узаконіць правядзеньне ператрусу без панятых: агляд, ператрус праводзіцца з удзелам панятых альбо з ужываньнем гука- і відэазапісу. А асабісты агляд, калі папраўкі будуць прынятыя, зможа праводзіць сілавік іншага полу, калі справу адкладаць нельга і калі пры гэтым ня трэба агаляць чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG