Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З газэты «Прессбол» звольніўся яе заснавальнік і журналіст, які працаваў у ёй ад першага нумара


Лягатып газэты "Прессбол".
Лягатып газэты "Прессбол".

Намесьнік галоўнага рэдактара спартовай газэты «Прессбол» Дзьмітры Беленькі звольніўся з выданьня пасьля 30 гадоў працы. Гэта чарговае звальненьне ў цэлай чарадзе сыходаў журналістаў з выданьня.

Былы намесьнік галоўнага рэдактара «Прессболу» і сузаснавальнік выданьня адмовіўся ад камэнтару пра прычыны свайго сыходу. «Здаецца, усё і без таго зразумела», — сказаў ён Свабодзе.

Дзьмітры Беленькі — адзін зь вядучых спартовых журналістаў Беларусі. Дзякуючы ягоным матэрыялам большасьць беларускіх аматараў футболу ведала пра выступленьні землякоў у замежных чэмпіянатах, атрымліваючы ў дадатак да статыстыкі яшчэ й падрабязнасьці жыцьця беларускіх футбалістаў за мяжой, іх пляны і ўзаемадносіны з партнэрамі і трэнэрамі.

Беленькі быў аўтарам шэрагу кніг аб беларускім спорце. Разам з футбалістам Сяргеем Алейнікавым, які выступаў за зборную СССР, менскае «Дынама» і італьянскі «Ювэнтус», ён напісаў кнігу «И жизнь, и слезы, и футбол», а разам з гандбольным трэнэрам Спартаком Мірановічам«Белорусский гандбол: путь к признанию».

Дзьмітры Беленькі працаваў у газэце з дня яе заснаваньня 16 студзеня 1991 году, быў сярод сузаснавальнікаў выданьня. Пасьля сыходу Дзьмітрыя Герчыкава з пасады галоўнага рэдактара ў пачатку сьнежня за подпісам Беленькага выйшлі некалькі нумароў. Пасьля новым галоўным рэдактарам стаў былы карэспандэнт АНТ Сяргей Лісічкін.

Пасьля гэтага прызначэньня на працягу некалькіх тыдняў «Прессбол» пакінула група вядомых журналістаў: загадчык аддзелу беларускага футболу Уладзімер Пірог, загадчык аддзелу хакея Сяргей Малышка, вядучы аглядальнік гандболу Сяргей Мардасевіч, рэдактар сайту pressball.by Арцём Фандо. Кожны з гэтых журналістаў адпрацаваў у рэдакцыі шмат гадоў.

Спыніў супрацоўніцтва з газэтай і вядомы пазаштатны аўтар, вядомы сваімі інтэрвію зь вядучымі спартоўцамі — Сяргей Шчурко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG