У Беларусі ўпершыню ў 2021 годзе прайшлі нядзельныя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Яны адбыліся ў форме дваровых маршаў. Свабода вяла онлайн-рэпартаж пра падзеі.
З самай раніцы 3 сьнежня пачаліся дваровыя і раённыя маршы ў Менску і некаторых іншых населеных пунктах. Апошнім часам агульных маршаў не праводзіцца. Цэнтралізаванага кіраваньня пратэстамі не было, людзі зьбіраліся ў сваіх дварах і вуліцах, выходзілі з нацыянальнай бел-чырвона-белай сымболікай, скандавалі «Жыве Беларусь!», «Пацук, сыходзь!», «Я выходжу!»
Апрача Менску людзі выйшлі на пратэсты ў Баранавічах, Бараўлянах, Горадні, Дзяржынску, Магілёве і некаторых іншых гарадах. Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю праходзілі і за мяжой, у прыватнасьці ў польскай сталіцы Варшаве, ва ўкраінскім Кіеве і Львове.
У розных месцах за папярэднюю ноч зьявіліся нацыянальныя сьцягі і графіці палітычнага зьместу.
Ля будынку журфаку БДУ ў Менску прайшоў пікет салідарнасьці са зьняволенымі і рэпрэсаванымі журналістамі. Удзельнікі акцыі выйшлі на ганак ВНУ з плякатамі «Free Press Club!», «Не стаць Азаронкам!», «62 зьбітых журналіста», «1200 сутак за кратамі», «497 затрыманьняў», «15 крымінальных спраў».
Затрыманых было найменей за час акцый пратэсту з 9 жніўня 2020 году. Па стане на 19 гадзін праваабаронцам і валянтэрам вядома пра 4 выпадкі затрыманьняў у Менску.